Дата стварэння: 19.06.2025 14:12:29
Дата змены: 10.03.2026 16:39:55
Забру́джванне атмасфе́ры
Паступленне ў атмасфернае паветра або ўтварэнне ў ім забруджвальных рэчываў у канцэнтрацыях, якія перавышаюць устаноўленыя дзяржавай гігіенічныя і экалагічныя нарматывы якасці атмасфернага паветра.
Прыродны патэнцыял Рэспублікі Беларусь адыгрывае важную ролю ў Еўрапейскім рэгіёне. Наша краіна мае значныя запасы прэснай вады, лясных рэсурсаў, адрозніваецца разнастайнасцю ландшафтаў, расліннага і жывёльнага свету. Беларускія балоты забяспечваюць экалагічную ўстойлівасць не толькі сваёй краіны, але і значнай часткі Еўропы.
Экалагічная палітыка Рэспублікі Беларусь, абапіраючыся на вялікі аб’ём навуковых даследаванняў, дае магчымасць не толькі стрымліваць негатыўнае ўздзеянне гаспадарчай дзейнасці на цэласнасць экасістэм, але і забяспечвае паляпшэнне экалагічнай сітуацыі, садзейнічае павышэнню эфектыўнасці выкарыстання аднаўляльных і неаднаўляльных прыродных рэсурсаў, з тым каб павялічыць эканамічны рост і паляпшыць ўмовы жыцця насельніцтва.
Дзяржаўная палітыка ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь накіравана на паляпшэнне якасці жыцця і ўмоў працы грамадзян, рацыянальнае выкарыстанне і ахову прыродных рэсурсаў, распрацоўку і ўкараненне ў практыку зялёных тэхналогій. Сфарміравана заканадаўчая база, якая забяспечвае комплекснае рэгуляванне пытанняў выкарыстання і аховы земляў, лясоў, водаў, нетраў, атмасфернага паветра і азонавага слоя, расліннага і жывёльнага свету, прыродных тэрыторый, якія падлягаюць спецыяльнай ахове, і асабліва ахоўных тэрыторый, а таксама рэгулююцца пытанні ў галіне бяспекі генна-інжынернай дзейнасці, абыходжання з адходамі.
Дзейнічае больш як 15 заканадаўчых актаў, якія рэгулююць праваадносіны ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, у прыватнасці Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб нетрах, законы Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя», «Аб ахове атмасфернага паветра», «Аб абыходжанні з адходамі», «Аб гідраметэаралагічнай дзейнасці», «Аб раслінным свеце», «Аб ахове азонавага слоя» і інш.
Асноўныя напрамкі экалагічнай палітыкі адлюстраваны ў Дзяржаўнай праграме «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2021–2025 гг., а таксама закладзены ў аснову Нацыянальнага плана дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь на 2021–2025 гг.
Адным з напрамкаў дзяржаўнай экалагічнай палітыкі з’яўляецца забеспячэнне якаснага стану атмасфернага паветра. Былі распрацаваны і прыняты законы Рэспублікі Беларусь «Аб ахове азонавага слоя» (2001), «Аб ахове атмасфернага паветра» (2008), Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 сакавіка 2020 г. № 92 «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў», пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 красавіка 2021 г. № 213 «Аб Комплекснай праграме развіцця электратранспарту на 2021–2025 гады».
Аб’ём выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра на тэрыторыі Беларусі за апошнія 10 гадоў паступова зніжаецца (з інтэнсіўнасцю каля 1 % у год). Агульны аб’ём выкідаў за 2022 г. склаў 872,9 тыс. т, у т. л. ад стацыянарных крыніц 456,2 тыс. т (52 %), мабільных — 416,7 тыс. т (48 %). Аб’ём выкідаў ад стацыянарных крыніц за апошнія 3 гады ўзрос на 30 тыс. т, а ад мабільных — зменшыўся на 18 тыс. т. Зніжэнне аб’ёмаў выкідаў мабільнымі крыніцамі дасягнута ў асноўным за кошт абнаўлення парку транспартных сродкаў аўтамабілямі высокіх экалагічных класаў і паляпшэння якасці паліва. Павелічэнне аб’ёмаў выкідаў ад стацыянарных крыніц звязана з развіццём прамысловых вытворчасцей і замяшчэннем часткі прыроднага газу менш экалагічнымі відамі паліва.
З мэтай павышэння інвестыцыйнай прывабнасці рэспублікі, зніжэння энергазалежнасці і задавальнення патрэб эканомікі краіны Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (Міністэрства прыроды) актыўна распрацоўваецца шэраг перспектыўных напрамкаў, у т. л. выкарыстанне альтэрнатыўных відаў энергіі. Уводзяцца ў эксплуатацыю ўстаноўкі па атрыманні электрычнай энергіі з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц (сонца, ветру, біягазу, натуральнага руху водных патокаў, драўнянага паліва, іншых відаў біямасы, цяпла Зямлі).