ГЛАБАЛЬНЫ КЛІМАТ, статыстычны ансамбль усёй разнастайнасці ўмоў надвор’я
pdf

ГЛАБАЛЬНЫ КЛІМАТ

Дата стварэння: 11.06.2025 14:31:26

Дата змены: 23.03.2026 11:26:58


Глаба́льны клі́мат

Статыстычны ансамбль усёй разнастайнасці ўмоў надвор’я, якія фарміруюцца ў сістэме атмасфера — акіян — літасфера — крыясфера — біясфера на працягу кліматычнай эпохі працягласцю ў 30–40 гадоў. Галоўным кампанентам кліматычнай сістэмы з’яўляецца атмасфера — рухомае паветра, якое пранікае ва ўсе прыродныя кампаненты. Праз атмасферу перадаецца інфармацыя аб змене і ваганні іншых кампанентаў кліматычнай сістэмы. Атмасфера з’яўляецца складаным прыродным арганізмам. Тое, што называецца надвор’ем і кліматам, ствараецца ў выніку складанага ўзаемадзеяння вялікай колькасці працэсаў, з’яў і фактараў. Так, на ніжнія слаі атмасферы ўплывае ўся разнастайнасць зямной паверхні, а на верхнія — фізічны стан Сонца, т. зв. касмічнае надвор’е.

Індыкатарам пацяплення глабальнага клімату з’яўляецца ўстойлівае павышэнне тэмпературы паветра, якое ўзмацняе выпарэнне вільгаці з паверхні кантынентаў і акіянаў і інтэнсіфікуе кліматаўтваральныя працэсы. Колькасць вадзяной пары ў атмасферы за апошнія 100 гадоў павялічылася прыкладна на 20 %, плошча воблачнага покрыва пашырылася на 10 %. У працэсе кандэнсацыі вадзяной пары атмасфера атрымлівае больш скрытага цяпла і пераходзіць на вышэйшы энергетычны ўзровень. За кошт атрымання дадатковай энергіі пры фазавых пераходах вады ўзмацняецца агульная цыркуляцыя атмасферы і актывізуецца цыкланічная дзейнасць.

За апошнія 10 гадоў цыклонаўтварэнне над Еўразіяй павялічылася на 10 %, над Еўропай — на 15 %. Колькасць трапічных цыклонаў у Ціхім акіяне павялічылася на 30​ %, яны сталі больш агрэсіўнымі і разбуральнымі. Энергетычная актывізацыя кліматаўтваральных працэсаў садзейнічае павелічэнню колькасці ападкаў і фарміраванню больш вільготнага глабальнага клімату. Пачасціліся праліўныя дажджы і снегапады, навадненні на рэках, ападкі размяркоўваюцца нераўнамерна, павялічваючыся ва ўмераных і палярных паясах і памяншаючыся ў субтрапічных і трапічных, дзе пашыраюцца працэсы засушлівасці і апустыньвання.

У перыяд глабальнага пацяплення пачалося раставанне лёду і снегавога покрыва ў палярных і горных абласцях, дзе альбеда (адбівальная здольнасць) рэзка зніжаецца на вызваленых ад лёду і снегу ўчастках з 90 да 20–25 %. Такія прасторы паглынаюць сонечнае выпрамяненне і награваюцца болей за кошт памяншэння альбеда. Гэта, адпаведна, выклікае павышэнне глабальнай тэмпературы.