Дата стварэння: 14.10.2024 10:25:01
Дата змены: 12.03.2026 10:30:05
Альбе́да (позналац. albedo бель)
Велічыня, якая характарызуе адбівальную здольнасць фізічных цел.
Вымяраецца адносінай патоку радыяцыі, што адбіваецца дадзенай паверхняй або целам, да патоку падаючай радыяцыі. Выражаецца ў працэнтах або долях адзінкі.
Адбітая радыяцыя, якая паступае ў атмасферу, дадаткова рассейваецца і павялічвае сумарную радыяцыю.
Альбеда зямной паверхні значна вар’іруецца ў залежнасці ад тыпу ландшафтных зон, а таксама ад змены пор года ва ўмераных і высокіх шыротах. У цэнтральных частках палярных абласцей адбівальная здольнасць застаецца высокай і мала мяняецца на працягу года.
Альбеда паверхні таксама залежыць ад яе колеру, вільготнасці, шурпатасці і іншых характарыстык. На водных паверхнях пры вышыні Сонца вышэй за 60° альбеда меншае, чым на сушы, паколькі сонечныя прамяні, пранікаючы ў ваду, значна паглынаюцца і рассейваюцца.
Альбеда ўсіх паверхняў, асабліва водных, залежыць ад вышыні Сонца: яно найменшае ў паўдзённы час і найбольшае раніцай і ўвечары. Гэта тлумачыцца тым, што пры нізкім Сонцы ў сумарнай радыяцыі ўзрастае доля рассеянай радыяцыі, якая адбіваецца ад шурпатай падсцілаючай паверхні больш, чым прамая радыяцыя.
У метэаралогіі ў асноўным вывучаецца інтэгральнае (ва ўсім дыяпазоне даўжыні хваль) альбеда розных прыродных паверхняў (глебы, вады, расліннасці, снегу, воблакаў) у адносінах да сумарнай сонечнай радыяцыі.
Планетарнае альбеда Зямлі ацэньваецца ў межах 35–40 %. Большую яго частку складае адбіццё сонечнай радыяцыі воблакамі.
Гадавы ход альбеда (гл. табліцу) залежыць ад змен характару падсцілаючай паверхні.
Вымяраецца альбедометрам.
|
Метэапляцоўка |
I |
II |
III |
IV |
V |
VI |
VII |
VIII |
IX |
X |
XI |
XII |
|
Мінск |
64 |
67 |
49 |
20 |
21 |
22 |
22 |
22 |
22 |
22 |
33 |
55 |