Дата стварэння: 11.06.2025 14:43:43
Дата змены: 23.03.2026 11:39:57
Лака́льны клі́мат
Мясцовая асаблівасць сярэднешматгадовых метэаралагічных умоў, характэрных для дадзенага геаграфічнага ландшафту. Лакальны клімат з’яўляецца адной з фізіка-геаграфічных характарыстык мясцовасці і выступае найважнейшым кампанентам ландшафту.
У Беларусі лакальны клімат фарміруецца пад уздзеяннем прыродных і антрапагенных фактараў: рэльефу, вадаёмаў (азёры, рэкі, вадасховішчы), лясных масіваў, сельскагаспадарчых угоддзяў, гарадской забудовы, асушэння, арашэння і інш. Разуменне лакальнай разнастайнасці кліматычных умоў дазваляе больш эфектыўна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы, адаптавацца да зменлівых умоў, больш дакладна прадказваць надвор’е.