Дата стварэння: 31.10.2024 14:51:14
Дата змены: 12.03.2025 15:33:42
Менега́цыя (Menegazzia A. Massal.), род ліставатых лішайнікаў сямейства Пармеліевыя.
У свеце вядома каля 70 відаў. Лішайнікі часта сустракаюцца ў субтрапічных, трапічных і экватарыяльных лясах, прадстаўлены ў абодвух паўшар’ях. Растуць пераважна ў старых чорнаальховых лясах, на ствалах ліставых дрэў (вольхі чорнай, асіны, бярозы), а таксама ў ельніках на ствалах асіны, радзей елак.
У Беларусі вядомы адзін від — менегацыя прадзіраўленая [Menegazzia terebrata (Hoffm.) A. Massal.], уключаная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Расце ў ліставых, пераважна ў старых чорнаальховых лясах, радзей у ельніках, на кары ліставых дрэў.
Талом ліставаты, дыяметр 5–10 (20) см, разеткападобны, часта невыразнай формы, больш-менш шчыльна прымацоўваецца да субстрату, часам адмірае ў цэнтры. Лопасці вузкія, шырыня 1–3 мм, на канцах вілаватыя. Верхняя паверхня шаравата-зялёная, часам бліжэй да сярэдзіны цямнее, матавая, рэдка злёгку бліскучая, голая, гладкая, з акруглымі або авальнымі адтулінкамі, часта з сараліямі. Стрыжань белы, унутры з поласцю. Ніжняя паверхня складкаватая, чорная, бліжэй да бакоў крыху святлейшая, без рызін. Саралі галоўчатыя, развіваюцца на краявых бугарках, радзей на верхняй паверхні талома.
Каравы́ слой талома ад гідраксіду калію крыху жаўцее, стрыжань не змяняецца. Змяшчае лішайнікавыя кіслоты: атранарын і стыктавую кіслату.
Красная книга Республики Беларусь. Растения / Редкол.: С. М. Масляк (председатель) [и др.]. – Минск: Издательство «Беларусь», 2025.
Флора Беларуси. Лишайники: в 4 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2019.
Яцына А. П. Практикум по накипным лишайникам Беларуси: пособие / А. П. Яцына, Л. М. Мержвинский. – Витебск: ВГУ имени П. М. Машерова, 2019.
Яцына А. П. Коллекция лишайников и близкородственных грибов Института экспериментальной ботаники НАН Беларуси (MSK-L). – Минск: Беларуская навука, 2022.
Яцына А. П. Лихенобиота хвойных лесов Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2024.
Природа Беларуси: энциклопедия: в 3 т. Т. 3: Растения, грибы, животные / Редкол.: В. Ю. Александров [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2014.
Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2000.