Дата стварэння: 21.11.2024 13:45:40
Дата змены: 24.03.2025 12:22:31
Аддзел Голанасенныя Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm.ex Reveal |
Клас Хвойныя Pinopsida Burnett |
Сямейства Кіпарысавыя Cupressaceae Gray |
Род Шырокагаліначнік Platycladus Spach |
Шырокагалі́начнік (Platycladus Spach), род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя.
Іншыя назвы: біёта, платыкладус.
Уключае адзін від — шырокагаліначнік усходні [Platycladus orientalis (L.) Franco], распаўсюджаны ва ўмераных і субтрапічных рэгіёнах Усходняй Азіі (Расія, Кітай, Карэя), пераважна ў гарах. Шырока культывуецца ў многіх іншых рэгіёнах зямнога шара, у некаторых краінах дзічэе. Раней доўгі час адносіўся да роду туя.
У Беларусі зрэдку культывуецца, пераважна на поўдні рэспублікі. Мае мноства сартоў, якія адрозніваюцца памерамі раслін, афарбоўкай лісця, формай парасткаў і кроны.
Вечназялёныя аднадомныя кусты або дрэвы вышынёй да 25 м і дыяметрам ствала да 1 м. Максімальная працягласць жыцця да 1000 гадоў. Каранёвая сістэма добра развіта. Крона густая, пірамідальная або яйцападобная. Парасткі падоўжаныя, пляскатыя, размешчаны ў вертыкальнай плоскасці. Лісце накрыж супраціўнае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, лускападобнае, да 15 мм даўжынёй. Ювенільнае лісце часам іголкападобнае. Пыленне ў красавіку — маі. Мужчынскія шышкі дробныя, шарападобныя, 2–3 мм у дыяметры, чырванаватыя. Спелыя жаночыя шышкі даўгавата-яйцападобныя, 15–25 мм даўжынёй, з 3–4 парамі пляскатых супраціўных лускавінак, прамастаячыя, спачатку зялёныя, крыху мясістыя, з шызым налётам, пры выспяванні бурыя, спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенныя лускавінкі загнутыя кручком на самым версе. Насенне матавае, бяскрылае.
Святлалюбны і цеплалюбны, адносна зімаўстойлівы, непатрабавальны да ўрадлівасці глебы, устойлівы да засухі і гарадскіх умоў, шкоднікаў і хвароб, добра пераносіць стрыжку, лёгка размнажаецца чаранкаваннем.
Драўніна ўстойлівая да гніення, прымяняецца ў будаўніцтве, для вырабу сталярных інструментаў і розных прадметаў быту. Каштоўная дэкаратыўная расліна (для стварэння жываплотаў, у тапіярным мастацтве), прымяняецца ў лесаразвядзенні (пераважна ў засушлівых рэгіёнах). Выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне, для атрымання смол і эфірных алеяў.