ТАКСОДЫУМ, род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя
pdf

ТАКСОДЫУМ

Дата стварэння: 21.11.2024 13:48:54

Дата змены: 22.10.2025 09:46:34


Таксо́дыум (Taxodium Rich.), род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя.

Іншыя назвы: балотны кіпарыс, цісавец.

Уключае 1–2(3) сучасныя рэліктавыя віды, распаўсюджаныя ў паўднёвай частцы Паўночнай Амерыкі (ЗША, Мексіка, Гватэмала). Культывуюцца ў розных рэгіёнах зямнога шара.

У Беларусі інтрадукаваны таксодыум двухрадны [Taxodium distichum (L.) Rich.], мае некалькі сартоў, якія адрозніваюцца памерамі і формай кроны, формай пакарочаных парасткаў, афарбоўкай ігліцы. Вырошчваецца рэдка, пераважна на поўдні краіны. Унікальнае, найбольш старое ў рэспубліцы, прыкладна 100‑гадовае дрэва захавалася ў парку Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Буйныя лістападныя або вечназялёныя аднадомныя дрэвы, вышыня да 50 м, дыяметр ствала да 4(11) м. Расліна-доўгажыхар, працягласць жыцця якой дасягае 2500 і больш гадоў. Каранёвая сістэма добра развітая. Блізка да камля (на залішне вільготных глебах) звычайна ўтвараюцца вертыкальныя дыхальныя карані (пнеўматафоры). Крона рыхлая, канічная або пірамідальная. Парасткі падоўжаныя і пакарочаныя. Пакарочаныя парасткі да 12 см даўжынёй, плоскія. Лісце чаргаванае, звычайна двухрадковае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, лінейнае, да 17 мм даўжынёй, восенню афарбоўваецца ў чырванавата-буры колер і ападае разам з пакарочаным парасткам. Пыленне ў красавіку маі да распускання лісця. Мужчынскія шышкі дробныя, шарападобныя, 2–3 мм у дыяметры, жаўтаватыя, павіслыя, мяцёлчата сабраныя. Спелыя жаночыя шышкі адзінкавыя, акруглыя, да 35 мм у дыяметры, з 3–5 парамі супраціўных шчытападобных лускавінак, спачатку зялёныя, пры выспяванні бурыя, спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання распадаюцца. Насенне трохграннае, бяскрылае.

Святлалюбны, цеплалюбны, умерана зімаўстойлівы, аддае перавагу вільготнай і забалочанай глебе. Даволі ўстойлівы да гарадскіх умоў, параўнальна лёгка размнажаецца вегетатыўна.

Драўніна мяккая, трывалая, устойлівая да гніення і пашкоджання насякомымі, прымяняецца ў будаўніцтве, для вырабу слупоў, мэблі і розных прадметаў быту. Каштоўная хуткарослая дэкаратыўная расліна.



Літаратура
  1. Флора Беларуси. Сосудистые растения: в 6 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2009.

  2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты―Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1983.