ЦІС, род голанасенных хвойных раслін сямейства Цісавыя
pdf

ЦІС

Дата стварэння: 21.11.2024 13:53:24

Дата змены: 22.10.2025 09:46:43


Аддзел

Голанасенныя

Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm.ex Reveal

Клас

Хвойныя

Pinopsida Burnett

Сямейства

Цісавыя

Taxaceae Gray

Род

Ціс

Taxus L.

ЦІС, род голанасенных хвойных раслін сямейства Цісавыя

Ціс ягадны (фота: А. У. Кручонак).

ЦІС, род голанасенных хвойных раслін сямейства Цісавыя

Ціс востраканцовы. Парастак са спелым насеннем, акружаным арылусам (фота: А. М. Мялік).

Ціс (Taxus L.), род голанасенных хвойных раслін сямейства Цісавыя.

Налічвае 8–13 паліморфных, марфалагічна падобных відаў, распаўсюджаных ва ўмераных, субтрапічных і трапічных рэгіёнах пераважна Паўночнага паўшар’я (Паўночнай Амерыцы, Афрыцы, Еўразіі). Шырока культывуюцца ў розных рэгіёнах зямнога шара.

Для Беларусі, паводле літаратурных крыніц, у якасці дзікарослага для заходніх рэгіёнаў (Нацыянальны парк «Белавежская пушча», наваколле г. Гродна і інш.) называўся ціс ягадны (Taxus baccata L.). На сённяшні дзень у натуральным асяроддзі ў рэспубліцы не выяўлены. Інтрадукаваны 4 віды: ціс ягадны, ціс канадскі (Taxus canadensis Marshall), ціс востраканцовы (Taxus cuspidata Siebold et Zucc.), ціс Валіха (Taxus wallichiana Zucc.), а таксама гібрыд ціса ягаднага і ціса канадскага — ціс сярэдні (Taxus × media Rehder). Найбольш распаўсюджаны ў культуры ціс ягадны, ціс востраканцовы і ціс сярэдні, якія маюць мноства сартоў, што адрозніваюцца памерамі раслін, формай кроны, афарбоўкай лісця і іншымі прыкметамі.

Вечназялёныя двухдомныя альбо радзей аднадомныя кусты або дрэвы вышынёй до 25–30 м і дыяметрам ствала да 2,5 м. Працягласць жыцця да 1500 (4000) гадоў. Каранёвая сістэма добра развітая, стрыжнёвага тыпу. Крона густая, канічная або пірамідальная. Парасткі падоўжаныя. Лісце даўжынёй да 30 мм, чаргаванае, двухраднае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, пляскатае, лінейнае, мяккае, на кароткіх чаранках. Пыленне ў красавіку — маі. Мужчынскія шышкі дробныя, даўжынёй да 8 мм, акруглыя або прадаўгаватыя, жаўтаватыя. Жаночыя шышкі моцна відазменены. У выглядзе адзіночнай верхавіннай семязавязі, у аснове якой размешчаны дробныя стэрыльныя лускавінкі, а вышэй насенне акружае буйны бакалападобны прынасеннік (арылус), спачатку зялёны, а пры выспяванні сакавіты, ярка-чырвоны, рэдка ружовы або жоўты. Насенне бяскрылае, прадаўгавата-яйцападобнае, завостранае, даўжынёй да 8 мм, спее восенню ў год апылення. Размнажаецца вегетатыўна і насеннем.

Вельмі ценевынослівы, умерана зімаўстойлівы, даволі патрабавальны да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, параўнальна ўстойлівы да гарадскіх умоў, хвароб і грыбных захворванняў, добра пераносіць стрыжку.

Драўніна цяжкая, шчыльная, трывалая, устойлівая да гніення, з прыгожай афарбоўкай і тэкстурай («чырвонае дрэва»). Раней шырока прымянялася ў мэблевай і такарнай вытворчасці, для вырабу дробных гаспадарчых прадметаў. У драўніне, ігліцы і кары змяшчаюцца ядавітыя алкалоіды. Выкарыстоўваецца ў медыцыне. Каштоўная дэкаратыўная павольнарослая расліна. Шырока выкарыстоўваецца для стварэння жываплотаў і ў тапіярным мастацтве. Колькасць многіх відаў моцна скарацілася, знаходзяцца пад аховай.