ТУЯВІК, род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя
pdf

ТУЯВІК

Дата стварэння: 21.11.2024 13:53:39

Дата змены: 22.10.2025 09:46:34


Аддзел

Голанасенныя

Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm. ex Reveal

Клас

Хвойныя

Pinopsida Burnett

Сямейства

Кіпарысавыя

Cupressaceae Gray

Род

Туявік

Thujopsis Endl.

ТУЯВІК, род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя

Туявік паніклы. Парастак з ніжняга боку (фота: М. А. Джус).

ТУЯВІК, род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя

Туявік паніклы. Ссохлыя мужчынскія шышкі і жаночыя, якія спеюць. Бачны вусцейкавыя поласы (фота: М. А. Джус).

Туяві́к (Thujopsis Endl.), род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя.

Уключае адзін від — туявік паніклы, або японскі, або долатападобны [Thujopsis dolobrata (L.f.) Siebold et Zucc.], які распаўсюджаны ў гарах Японіі. Шырока культывуецца ў іншых рэгіёнах зямнога шара.

На Беларусі туявік паніклы зрэдку культывуецца пераважна на поўдні рэспублікі. Мае некалькі культывараў, якія адрозніваюцца памерамі і афарбоўкай лісця.

Вечназялёныя аднадомныя дрэвы або кусты вышынёй да 15 (30)  м. Крона густая, пірамідальная, у некаторых сартоў шарападобная. Парасткі падоўжаныя, плоскія. Лісце накрыж супраціўнае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, лускападобнае, даўжынёй да 5 мм, з ніжняга боку з шырокімі белымі вусцейкавымі палосамі. Пыленне ў красавіку. Мужчынскія шышкі дробныя, даўжынёй 3–5 мм, шарападобныя, чырванаватыя. Спелыя жаночыя шышкі акруглыя, дыяметрам да 20 мм, з 6–8 парамі пляскатых, мясістых, супраціўных лускавінак, прамастаячыя, спярша зялёныя з шызым налётам, пры выспяванні бурыя; спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенне з двума вузкімі крыламі.

Ценевынослівы, умерана зімаўстойлівы, даволі патрабавальны да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, устойлівы да гарадскіх умоў, добра пераносіць стрыжку, даволі лёгка размнажаецца чаранкаваннем.

Драўніна трывалая, устойлівая да гніення, прымяняецца ў будаўніцтве, суднабудаванні. Каштоўная дэкаратыўная павольнарослая расліна. Выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне.