ТУЯ, род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя
pdf

ТУЯ

Дата стварэння: 21.11.2024 13:53:52

Дата змены: 24.03.2025 12:20:24


Ту́я (Thuja L.), род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя.

Род налічвае 5 відаў, распаўсюджаных пераважна ў халодных і ўмераных шыротах Паўночнай Амерыкі (2 віды) і Усходняй Азіі (3 віды). Шырока культывуюцца ў многіх іншых рэгіёнах зямнога шара. Раней да роду туя адносілі таксама шырокагаліначнік, або біёту ўсходнюю [Platycladus orientalis (L.) Franco].

У Беларусі дзікарослых прадстаўнікоў роду няма. Інтрадукаваны 3 віды: туя заходняя (Thuja occidentalis L.), туя складкаватая, або гіганцкая (Thuja plicata Donn ex D. Don) і туя карэйская (Thuja koraiensis Nakai). Найбольш распаўсюджаны ў культуры туя заходняя і туя складкаватая, якія маюць шмат культывараў.

Вечназялёныя аднадомныя дрэвы або кусты вышынёй до 60 (70) м. Працягласць жыцця ў сярэднім 100–200 гадоў (некаторыя віды дажываюць да 1000 і больш гадоў). Каранёвая сістэма паверхневая. Крона густая, пірамідальная або конусападобная, у некаторых сартоў шарападобная. Парасткі падоўжаныя; маладыя — плоскія, дарослыя — акруглыя, гарызантальныя або ўзбежныя. Лісце накрыж супраціўнае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, лускападобнае, рэдка іголкападобнае. Пыленне ў сакавіку — красавіку. Мужчынскія шышкі дробныя, даўжынёй 1–3 мм, шарападобныя, чырванаватыя. Спелыя жаночыя шышкі даўжынёй 7–15 мм, з 4–6 парамі пляскатых супраціўных лускавінак, даўгавата-яйцападобныя, прамастаячыя, спярша зялёныя, пры паспяванні бурыя; спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенне пляскатае, з двума крыламі.

Ценевынослівая, зімаўстойлівая, вільгацелюбівая, непатрабавальная, устойлівая да гарадскіх умоў, добра пераносіць стрыжку, лёгка размнажаецца чаранкаваннем.

Драўніна лёгкая, духмяная, устойлівая да гніення, шырока прымяняецца ў будаўніцтве, для вырабу музычных інструментаў і розных прадметаў быту. Каштоўная дэкаратыўная расліна (асабліва для стварэння жываплотаў). Выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне.


Літаратура
  1. Флора Беларуси. Сосудистые растения: в 6 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2009.

  2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 5: Стаўраструм―Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1986.

  3. Природа Беларуси: энциклопедия: в 3 т. Т. 3: Растения, грибы, животные / Редкол.: В. Ю. Александров [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2014.

  4. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 16: Трыпалі—Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2003.