Дата стварэння: 21.11.2024 13:54:20
Дата змены: 12.03.2025 15:32:43
Аддзел Дзеразападобныя Lycopodiophyta D. H. Scott |
Клас Палушнікападобныя Isoetopsida Rolle |
Сямейства Палушнікавыя Isoetaceae Dumort. |
Палу́шнікавыя (Isoetaceae Dumort.), сямейства вышэйшых споравых раслін класа Палушнікападобныя.
Сямейства ўзнікла ў пермскай сістэме (перыядзе) і існуе да цяперашняга часу. Уключае 190–250 відаў, якія жывуць цяпер і распаўсюджаны касмапалітна з цэнтрам разнастайнасці ў Паўднёвай Амерыцы.
Згодна з уяўленнем большасці навукоўцаў, сямейства Палушнікавыя з’яўляецца вынікам другаснага спрашчэння вымерлых дрэвападобных разнаспоравых палушнікападобных. Акрамя роду палушнік (Isoetes L.), які існуе цяпер, у склад сямейства ўключаюць вымерлы ніжнемелавы род натхарсцыяна (Nathorstiana Richter), які калі-нікалі вылучаецца ў самастойнае сямейства, раннемелавы род натхарсцыянела (Nathorstianella M. F. Glaessner et V. R. Rao), перма-трыясавы род тахтаджанадокса (Takhtajanodoxa N. S. Snigirevskaya), трыясавы род ізаэтытас (Isoetites G. Graf zu Münster). Вылучэнне роду стылітас (Stylites Amstutz), які існуе цяпер, са складу роду палушнік не атрымала падтрымкі па малекулярна-генетычных даных.
У Беларусі сямейства прадстаўлена двума відамі: палушнік азёрны (Isoetes lacustris L.) і палушнік калючаспоравы (Isoetes echinospora Durieu).
Прадстаўнікоў сямейства можна разглядаць альбо як шматгадовыя травяністыя расліны, якія захавалі здольнасць да другаснага росту і патаўшчэння восевых органаў, альбо як дрэвы-карлікі. Сцёблы пакарочаныя, вертыкальна арыентаваныя, негалінаваныя або дыхатамічна галінаваныя (род тахтаджанадокса), пры аснове становяцца лопасцевымі і фарміруюць моцна спрошчаныя рызафоры. Характэрна наяўнасць бакавой мерыстэмы, якую часта памылкова называюць камбіем. Вонкі гэтая мерыстэма прадукуе багатую парэнхіму другаснай кары, а ўнутр — значна меншую колькасць ксілемы і (або) флаэмы і (або) парэнхімы, што часта залежыць ад віду і ўзросту расліны. Карані прыдаткавыя, фарміруюцца на рызафорах (у выкапнёвых) або эндагенна з ніжніх барознаў сцябла і галінуюцца дыхатамічна. Лісце простае, спіральна размешчанае, сабранае на верхавіне сцябла ў разетку, пласцінка ліста ў ніжняй частцы пашыраная, з лігулай, да верхавіны звужваецца. Спарангіі двух тыпаў (мікра- і мегаспарангіі), масіўныя, унутры падзеленыя на камеры поўнымі або частковымі перагародкамі, размешчаны зверху ў паглыбленнях асновы лісця (спарафілаў); стробілы не фарміруюцца. Гаметафіты раздзельнаполыя, моцна рэдукаваныя.