Дата стварэння: 21.11.2024 13:43:22
Дата змены: 23.02.2026 11:55:31
Пе́рмская сістэ́ма (перы́яд) (ад назвы былой Пермскай губерні Расіі).
Іншая назва: перм.
Шостае (знізу) апошняе падраздзяленне палеазойскай эратэмы, якое адпавядае пермскаму перыяду палеазойская эры ў геалагічнай гісторыі Зямлі.
Ідзе пасля каменнавугальнай сістэмы (перыяду) і папярэднічае трыясавай сістэме (перыяду) мезазойскай эратэмы (эры).
Вылучана ў 1841 г. шатландскім геолагам Родэрыкам Мурчысанам у еўрапейскай частцы Расіі (на Урале і Рускай раўніне).
Згодна з Міжнароднай хронастратыграфічнай шкалой (2024) пермскі перыяд цягнуўся каля 47 млн гадоў (пачаўся 298,9 ± 0,15 млн гадоў таму, скончыўся 251,902 ± 0,024 млн гадоў таму).
У МХСШ і беларускай Стратыграфічнай шкале (2017) пермская сістэма падзяляецца на 3 аддзелы геалагічныя (эпохі) і 9 ярусаў геалагічных (вякоў). Аднак не існуе агульнапрынятай схемы падзелу сістэмы на ярусы з іх назвамі: у розных краінах прыняты свае падраздзяленні. У Беларусі дзяленне пермскай сістэмы адрозніваецца ад МХСШ и адпавядае Агульнай стратыграфічнай шкале (2024): ніжні (прыўральскі) аддзел уключае асельскі, сакмарскі, арцінскі, кунгурскі і ўфімскі ярусы; сярэдні (біярмійскі) — казанскі і ўржумскі; верхні (татарскі) — паўночнадзвінскі і вяцкі ярусы; гл. табліцу. Прынятыя ў Беларусі ярусы пермскай сістэмы ўпершыню вылучылі на тэрыторыі Расіі расійскія геолагі В. Е. Ружанцаў, А. П. Карпінскі, А. А. Штукенберг, А. В. Нячаеў, Г. М. Фрэдэры́кс і інш.
У пермскі перыяд планета развівалася з перавагай сушы на яе паверхні, што было вынікам тэктанічнай актыўнасці, якая суправаджалася ўтварэннем гор на ўсіх кантынентах. Найбольш поўна тэктанічная дзейнасць была звязана з заключнымі фазамі герцынскай складкаватасці і праявілася ва Урала-Цянь-Шаньскай, Герцынскай і Апалацкай геасінкліналях, дзе на месцы марскіх басейнаў узніклі высокія горныя хрыбты.
Клімат пермскага перыяду характарызаваўся рэзка выражанай шыротнай занальнасцю і ўсё большай засушлівасцю.
Арганічны свет перыяду характарызуецца ўзмацненнем ролі наземных жывёл і расліннасці. На сушы сярод беспазваночных панавалі насякомыя. У ранняй пермі з наземных пазваночных пераважалі стэгацэфалы, якія саступілі да канца перыяду месца парарэптыліям і зверападобным рэптыліям (драпежным і расліннаедным). У морах былі шматлікія форамініферы (пераважна фузулініды), брахіяподы, ракавінныя лістаногія ракападобныя, галаваногія і двухстворкавыя малюскі, астракоды, канадонты, акулы; былі шырока распаўсюджаны імшанкі і каралы, якія дзе-нідзе ўтваралі рыфавыя будовы. У раслінным свеце зніклі дрэвападобныя, дзеразападобныя, членістасцябловыя і хвошчападобныя, іх месца занялі хвойныя. Росквіт атрымалі папарацепадобныя і, найперш, новыя групы голанасенных раслін.
У канцы пермі на Зямлі адбылося найбуйнейшае глабальнае выміранне многіх відаў біясферы: вымерла больш як 90 % усіх марскіх і 70 % усіх наземных відаў арганізмаў. Вымерлі шматлікія віды жывёльнага свету (трылабіты, фузулініды, чатырохпрамянёвыя і табулятаморфныя каралы, некаторыя атрады малюскаў, брахіяподаў, імшанак, рыб).
Пермскаму перыяду быў уласцівы кантынентальны, пераважна засушлівы клімат, што спрыяла фарміраванню чырванаколерных тэрыгенных адкладаў, назапашванню магутных тоўшчаў солей, вугалёў, фасфарытаў, медзістых пясчанікаў і інш.
На тэрыторыі Беларусі пермскія адклады распаўсюджаны ў трох раз’яднаных раёнах. Яны слаба вывучаны і ў стратыграфічнай схеме пермі прадстаўлены мясцовымі стратыграфічнымі падраздзяленнямі — світамі геалагічнымі, якія ўмоўна супастаўляюцца з ярусамі.
На паўднёвым усходзе (у Прыпяцкім прагіне і Брагінска-Лоеўскай седлавіне (перамычцы)] гэтыя адклады прадстаўлены тоўшчай магутнасцю да 800 м стракатаколерных пясчана-гліністых утварэнняў (чырванакветныя пясчанікі, алеўраліты, гліны дудзіцкай світы; даламіты, гіпсы, ангідрыты, каменная соль і калійныя солі прудкоўскай і свабодскай світ). На паўднёвым захадзе (у Падляска-Брэсцкай упадзіне) разрэз пермі магутнасцю да 50 м складзены тоўшчай пясчанікаў, гравелітаў, вапнякоў і даламітаў з рэшткамі форамініфер, астракод, брахіяподаў ясінаўскай і камянецкай світ. На паўночна-заходнім схіле Беларускай антэклізы магутнасць пермскіх адкладаў скарачаецца да 30 м, дзе яны прадстаўлены алеўралітамі, пясчанікамі, вапнякамі, даламітамі, глінамі з рэшткамі марской фаўны пярлойскай і новаакмянскай світ.
На тэрыторыі рэспублікі да пермскіх адкладаў прымеркаваны невялікія паклады каменнай і калійнай солей, прагназуюцца анамаліі россыпаў рэдкіх і рассеяных элементаў.