ТРЫЯСАВАЯ СІСТЭМА (ПЕРЫЯД), трыяс — першае падраздзяленне мезазойскай эратэмы (эры) у геалагічнай гісторыі Зямлі
pdf

ТРЫЯСАВАЯ СІСТЭМА (ПЕРЫЯД)

Дата стварэння: 17.03.2025 11:03:03

Дата змены: 23.02.2026 11:55:32


Трыя́савая сістэ́ма (перы́яд) (грэч. trias тройца, траістасць).

Іншая назва: трыяс.

Першае (знізу) падраздзяленне мезазойскай эратэмы, якое адпавядае трыясаваму перыяду мезазойскай эры ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Ідзе пасля пермскай сістэмы (перыяду) палеазойскай эратэмы (эры) і папярэднічае юрскай сістэме (перыяду) мезазойскай эратэмы (эры).

Вылучана ў 1831 г. бельгійскім геолагам Жанам Амаліусам д’Алуа пад назвай «кейперскія адклады», у якія былі аб’яднаны развітыя на поўначы Заходняй Еўропы (у Паўночна-Германскім басейне) адклады стракатага пясчаніку, ракавіннага вапняку і вясёлкавых мергеляў (кейпер). У 1834 г. нямецкі геолаг Фрыдрых Аўгуст фон Альберці прапанаваў аб’яднаць гэтыя 3 тоўшчы пад назвай «трыяс» у адрозненне ад пермскіх, якія ў той час у Заходняй Еўропе называліся «дыяс» па іх двухчленным дзяленні.

Згодна з Міжнароднай хронастратыграфічнай шкалой (2024) трыясавы перыяд цягнуўся больш як 50 млн гадоў (пачаўся 251,902 ± 0,024 млн гадоў таму, скончыўся 201,4 ± 0,2 млн гадоў таму).

Трыясавая сістэма падзяляецца на 3 аддзелы геалагічныя (эпохі) і 7 ярусаў геалагічных (вякоў): індскі і алянёцкі (ніжні аддзел), анізійскі і ладзінскі (сярэдні), карнійскі, нарыйскі і рэцкі (верхні).

У пачатку трыясавага перыяду існаваў адзіны суперкантынент Пангея, абкружаны суперакіянам Панталаса, у складзе якога быў старажытны акіян Тэціс, што абмываў усходнюю ўскраіну Пангеі. На працягу трыясу Пангея падпала пад значнае ўздзеянне кантынентальнага рыфтагенезу, але не зведала значнага распаду. Для гэтага перыяду характэрна развіццё кантынентальных умоў асадканазапашвання: моцна скараціліся плошчы ўнутрыкантынентальных вадаёмаў, развіліся пустынныя ландшафты.

На працягу трыясу клімат на Зямлі быў у асноўным гарачы і засушлівы, пустыні займалі большую частку ўнутраных раёнаў Пангеі. Да канца перыяду клімат змяніўся і стаў больш вільготным.

Пачатак і канец трыясавага перыяду адзначаны буйнымі падзеямі вымірання. Многія з марскіх беспазваночных палеазойскай эры (трылабіты, табуляты, фузулініды і інш.) зніклі на мяжы пермі і трыясу. З’явіліся тыпова мезазойскія беспазваночныя — галаваногія малюскі (цэратыты, белемніты), камяністыя каралы (склерактыніі), а з марскіх паўзуноў — іхтыязаўры. Працягвалі развівацца наўтылаідэі, двухстворкавыя малюскі, канадонты, брахіяподы, форамініферы, імшанкі, ігласкурыя (правільныя марскія вожыкі, марскія лілеі) і інш. У канцы трыясу з’явіліся першыя касцістыя рыбы, у прэснаводных вадаёмах — астракоды і філаподы.

Сярод наземнай фаўны дамінавалі паўзуны (дыцынадонты) і земнаводныя (стэгацэфалы, або панцырнагаловыя). У раннім трыясе з’явіліся першыя дробныя дыназаўры — архазаўры, з якіх у выніку развіліся продкі птушак (авеметатарсаліі) і кракадзілаў (псеўдазухіі). На працягу ўсяго перыяду павялічылася відавая разнастайнасць сеткакрылых, напаўцвёрдакрылых і цвёрдакрылых насякомых.

У раслінным свеце голанасенныя замянілі флору насенных раслін. Дамінавалі сапраўдныя папараці, са́гаўнікавыя, хвойныя і гінкгавыя.

У пачатку XX ст. даследаванні айчынных вучоных В. К. Галубцова, Ф. Я. Лапчык, З. М. Неўмяржыцкай, К. М. Манкевіча і іншых залажылі асновы стратыграфічнага раздзялення трыясавых адкладаў Беларусі. У 1954 г. пад кіраўніцтвам В. К. Галубцова на падставе палеанталагічных матэрыялаў [вывучэнне астракод, канхастрак (ракавінныя лістаногія ракападобныя), харавых водарасцяў, спор і пылку], а таксама літалагічных і прамыслова-геафізічных матэрыялаў распрацавана першая стратыграфічная схема трыясавых адкладаў для Прыпяцкага прагіну.

Паводле новай Cтратыграфічнай схеме Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (23.1.2017), адклады трыясавай сістэмы ўмоўна падзяляюць на 3 аддзелы (без выдзялення ярусаў) і вылучаюць мясцовыя стратыграфічныя падраздзяленні — світы геалагічныя і падсвіты, ярусная прыналежнасць якіх не з’яўляецца адназначнай, нягледзячы на з’яўленне новага значнага палеанталагічнага матэрыялу.

На Беларусі адклады трыясавай сістэмы распаўсюджаны на дзвюх раз’яднаных плошчах: на паўднёвым захадзе (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна) і паўднёвым усходзе [Прыпяцкі прагін, Брагінска-Лоеўская седлавіна (перамычка), Паўночна-Прыпяцкае плячо і Паўночна-Прыдняпроўская монакліналь].

На паўднёвым усходзе трыясавыя адклады прадстаўлены тоўшчай стракатаколерных пясчана-гліністых і карбанатна-гліністых парод з аалітамі і рэдкімі рэшткамі выкапнёвай фаўны і флоры магутнасцю ад 300–500 да 1 000 м (выступовіцкая, каранёўская і мазырская світы ніжняга аддзела; калінкавіцкая і нараўлянская світы сярэдняга аддзела; валаўская світа верхняга аддзела).

На паўднёвым захадзе, у межах Падляска-Брэсцкай упадзіны, разрэз трыясу магутнасцю да 40–50 м складзены ў асноўным стракатаколернымі пясчана-гліністымі пародамі, якія не змяшчаюць рэшткаў выкапнёвай фаўны і флоры (воўчынская і новагалянская світы ніжняга аддзела).

Трыясавыя ўтварэнні ў Прыпяцкім прагіне прыдатныя для стварэння падземных сховішчаў газу, у іх прагназуюцца паклады баксітаў, каалінавых глін, россыпы рэдкіх элементаў.