Дата стварэння: 17.03.2025 11:04:20
Дата змены: 23.02.2026 11:55:32
Ю́рская сістэ́ма (перы́яд) (ад назвы гор Юра́ ў Францыі і Швейцарыі).
Іншая назва: юра.
Другая (сярэдняя) сістэма мезазойскай эратэмы, якая адпавядае юрскаму перыяду мезазойскай эры ў геалагічнай гісторыі Зямлі.
Ідзе пасля трыясавай сістэмы (перыяду) і папярэднічае мелавой сістэме (перыяду).
У 1822 г. нямецкі прыродазнаўца Аляксандр Гумбальт у гарах Юра апісаў сістэму ў яе сучасным аб’ёме пад назвай «юрская фармацыя».
Згодна з Міжнароднай хронастратыграфічнай шкалой (МХСШ, 2024) юрскі перыяд цягнуўся 58,3 млн гадоў (пачаўся 201,4 ± 0,2 млн гадоў таму, скончыўся 143,1 ± 0,6 млн гадоў таму).
У МХСШ і беларускай стратыграфічнай шкале юрская сістэма падзяляецца на 3 аддзелы геалагічныя (эпохі): ніжні (ранняя), сярэдні (сярэдняя), верхні (позняя) і 11 ярусаў геалагічных (вякоў): гетангскі, сінемюрскі, плінсбахскі і таарскі (у ніжнім аддзеле); ааленскі, баёскі, бацкі і келавейскі (у сярэднім); аксфордскі, кімерыджскі і тытонскі (у верхнім). Назвы ярусаў паходзяць ад геаграфічных пунктаў, паблізу якіх упершыню былі апісаны адпаведныя адклады.
Да пачатку юрскага перыяду адзіны суперкантынент Пангея пачаў расколвацца на кантыненты Лаўразію на поўначы і Гандвану на поўдні. Марскія басейны засяродзіліся ў Міжземнаморскім (акіян Тэціс) і Ціхаакіянскім геасінклінальных паясах.
Клімат, слаба дыферэнцыраваны і адносна засушлівы ў пачатку юрскага перыяду, у сярэднюю юру становіцца вільготным. У позняй юры выразна выяўлена кліматычная занальнасць.
Тэктанічныя і эўстатычныя падзеі абумовілі ў юрскім перыядзе шэраг субглабальных трансгрэсій.
Спрыяльныя палеагеаграфічныя ўмовы садзейнічалі бурнаму развіццю арганічнага свету, які характарызаваўся тыпова мезазойскімі рысамі. Сярод наземнай расліннасці пераважалі голанасенныя расліны, пераважна з сямействаў гінкгавых, бенятытавых, цыкадавых і хвойных. Папарацепадобныя і хвошчападобныя выконвалі другасную функцыю. У складзе фаўны дамінавалі разнастайныя пазваночныя, галоўным чынам паўзуны (яшчары), у т. л. драпежныя насельнікі сушы (цыратазаўры, алазаўры) і траваедныя (дыпладокі, стэгазаўры, брантазаўры), якія дасягалі велізарных памераў (больш як 30 м). Ад з позняй юры бяруць пачатак першыя прадстаўнікі прымітыўных птушак — археаптэрыксы, якія пайшлі ад тэраподаў, або драпежных дыназаўраў.
У юрскіх морах панавалі іхтыязаўры і плезіязаўры, сярод беспазваночных — галаваногія малюскі (аманіты і белемніты), двухстворкавыя малюскі і гастраподы. Разам з імі вельмі былі распаўсюджаны прасцейшыя (форамініферы, радыялярыі), мнагаклетачныя (губкі, шасціпрамянёвыя каралы), членістаногія. Упершыню з’явіліся і распладзіліся ў сваёй разнастайнасці сучасныя акулы і скаты. У водных басейнах было багата рыбы. Кракадзіламорфы перашлі ад наземнага жыцця да воднага, прычым было шмат як наземных, так і напаўводных формаў. Выяўлена мноства ранніх млекакормячых.
Да адкладаў юрскай сістэмы прымеркаваны радовішчы баксітаў, вугалёў, нафты і жалезістых руд.
На тэрыторыі Беларусі ў складзе юрскай сістэмы вылучаны 3 аддзелы (ніжні, сярэдні, верхні) і 6 ярусаў (плінсбахскі, баёскі, бацкі, келавейскі, аксфордскі і кімерыджскі).
Стратыграфіі юрскіх адкладаў Беларусі прысвечаны даследаванні айчынных вучоных П. А. Герасімава, М. Ц. Сазонава, Р. Я. Крымгольц, І. У. Міцянінай (распрацавала першую стратыграфічную схему), В. М. Несцяровіч, Т. І. Маісеевай, З. М. Кліменка, Л. А. Карымавай, Н. С. Якаўлевай і інш. У 2010 г. Л. А. Карымава і З. М. Кліменка склалі ўдакладненую стратыграфічную схему юрскіх адкладаў Беларусі, у якой выкарыстаны рэгіянальныя (у рангу гарызонтаў) і мясцовыя (у рангу світ геалагічных) стратыграфічныя падраздзяленні. Гэта схема з’яўлялася базай пры складанні Стратыграфічнай схемы Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (23.1.2017); гл. табліцу.
У ранняй (плінсбахскі ярус) і сярэдняй (баёскі і бацкі ярусы) юры тэрыторыя Беларусі ў асноўным была сушай, толькі дзе-нідзе існавалі лакальныя вадаёмы, у якіх назапашваліся вуглістыя асадкі.
Адклады сярэдняй (келавейскі ярус) і позняй (аксфордскі ярус) юры, якія ўтварыліся ў выніку трансгрэсій мора, распаўсюджаны ў асноўным у паўднёва-усходніх і заходніх раёнах рэспублікі і прадстаўлены глініста-пясчанымі, пясчана-гліністымі, тэрыгенна-карбанатнымі і глініста-карбанатнымі, арганагеннымі, часта абкрэмненымі пародамі з рэшткамі марской фаўны.
Найбольш поўныя разрэзы юры (магутнасць да 200 м) прысутнічаюць у Прыпяцкім прагіне, утварэнні сярэдняга і верхняга аддзелаў (да 120 м) — у Падляска-Брэсцкай упадзіне, сярэдняга аддзела (да 70 м) — у Аршанскай упадзіне.
У юрскіх адкладах ёсць паклады бурых вугалёў (Лельчыцкая і Чырвонаазёрская вугляносныя плошчы Прыпяцкага прагіну), гарызонты прэсных падземных водаў, прагназуюцца праяўленні поліметалічных россыпаў.