Дата стварэння: 17.03.2025 10:52:32
Дата змены: 10.03.2026 11:03:30
Мелава́я сістэ́ма (перы́яд) (назва паходзіць ад мелу — горнай пароды, якая шырока распаўсюджана ў адкладах познемелавой эпохі).
Іншая назва: мел.
Трэцяя (апошняя) сістэма мезазойскай эратэмы, якая адпавядае мелавому перыяду мезазойскай эры ў геалагічная гісторыі Зямлі.
Ідзе пасля юрскай сістэмы (перыяда) і папярэднічае палеагенавай сістэме (перыяду) кайназойскай эратэмы (эры).
Вылучана ў 1822 г. бельгійскім геолагам Жанам Амаліусам д’Алуа ў Парыжскім басейне.
Згодна з данымі Міжнароднай хронастратыграфічнай шкалы (2024), мелавы перыяд цягнуўся каля 77,1 млн гадоў (пачаўся 143,1 ± 0,6 млн гадоў таму, скончыўся 66 млн гадоў таму).
У міжнароднай і беларускай стратыграфічных шкалах мелавая сістэма падзяляецца на 2 аддзелы геалагічныя (эпохі) — ніжні (ранняя), верхні (позняя) і 12 ярусаў геалагічных (вякоў): берыяскі, валанжынскі, гатэрыўскі, барэмскі, апцкі, альбскі, сенаманскі, туронскі, каньякскі, сантонскі, кампанскі і маастрыхцкі; гл. табліцу.
На працягу мелавога перыяду пад уплывам кімерыйска-альпійскай складкаватасці працягвалася фарміраванне сучасных мацерыкоў, што прыводзіла да шматразовых марскіх трансгрэсій і рэгрэсій. Працягваўся раскол на часткі велічэзных масіваў сушы — Лаўразіі і Гандваны. Паўднёвая Амерыка і Афрыка аддаляліся адна ад адной, а Атлантычны акіян станавіўся шырэйшым. Афрыка, Індыя і Аўстралія таксама пачалі разыходзіцца ў розныя бакі, у выніку на поўдзень ад экватара ўтварыліся велізарныя астравы. Большую частку тэрыторыі сучаснай Еўропы паглынула вада.
Клімат мелавога перыяду быў цёплы. У мелавым перыядзе з’явіліся першыя сапраўдныя плацэнтарныя і сумчатыя млекакормячыя, пакрытанасенныя (кветкавыя) расліны. З пазваночных на сушы і ў паветры панавалі паўзуны (некаторыя дасягалі велізарных памераў). У познюю мелавую эпоху адбылася адна з самых вялікіх трансгрэсій у гісторыі Зямлі, што выклікала росквіт разнастайных марскіх беспазваночных жывёл (малюскі, марскія вожыкі, імшанкі, астракоды і інш.) і пазваночных (касцістыя рыбы, іхтыязаўры, плезіязаўры і інш.).
У канцы XIX — пачатку XX ст. асновы стратыграфічнага расчлянення мелавых адкладаў Беларусі залажылі даследаванні брытанскага вучонага Родэрыка Му́рчысана, савецкіх П. Я. Армашэўскага, Г. Ф. Мі́рчынка і іншых. Пазней вялікі ўклад у вывучэнне і расчляненне адкладаў мелавой сістэмы ўнесла айчынны вучоны В. С. Акімец. На падставе вывучэння пераважна форамініфер яна распрацавана першую біястратыграфічную схему занальнага (больш дэталёвага ў параўнанні з ярусным) расчлянення мелавой сістэмы, у якой прысутнічаюць 2 аддзелы (ніжні і верхні) і 11 ярусаў (акрамя берыяскага). У 2010 г. апублікавана актуалізаваная Стратыграфічная схема мелавых адкладаў Беларусі (падрыхтавалі В. С. Акімец і Л. А. Карымава), дзе выкарыстаны рэгіянальныя (у рангу гарызонтаў) і мясцовыя (у рангу серый геалагічных і світ геалагічных) стратыграфічныя падраздзяленні. Сучасныя ўяўленні аб стратыграфіі мелавых адкладаў Беларусі адлюстраваны ў Стратыграфічнай схеме Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (23.1.2017); гл. табліцу.
Палеагеаграфічная абстаноўка і ўмовы назапашвання асадкаў у ранне- і познемелавую эпохі адрозніваліся.
У раннемелавую эпоху большая частка тэрыторыі Беларусі была сушай, толькі на паўднёвым усходзе размяшчаўся мелкаводны марскі басейн, дзе ішло назапашванне некарбанатных пясчана-алеўрыта-гліністых ападкаў. Калі мора адступіла, тэрыторыя ўяўляла сабой нізінную акумулятыўную раўніну, дзе ў яе азёрах і рачных далінах назапашваліся кантынентальныя пясчана-гліністыя адклады. У позні альбскі час усходнюю і заходнюю часткі тэрыторыі Беларусі зноў пакрывала мора, у якім адкладаліся некарбанатныя глініста-пясчаныя асадкі. З арганічных рэшткаў у адкладах ніжняга мелу змяшчаюцца ў асноўным форамініферы і мікрафітафасіліі (водарасці, споры, пылок, акрытархі і інш.), зрэдку сустракаюцца пелецыподы, спікулы губак, лускавінкі і зубы рыб. Максімальная магутнасць ніжнемелавых адкладаў 77,5 м.
У познюю мелавую эпоху працягвала развівацца трансгрэсія мора, у мелкаводным марскім басейне якога назапашваліся пераважна карбанатныя, у меншым аб’ёме карбанатна-гліністыя, тэрыгенна-карбанатныя і крамяністыя асадкі, пасля ператвораныя ў цвёрдую пароду — мел, мелападобныя мергелі, мергелі і сіліцыты. Да канца эпохі мора адступіла з тэрыторыі краіны. У адкладах верхняга мелу багата форамініфер, астракодаў, сустракаюцца рэшткі інацэрамаў, белемнітаў, пелецыпод, брахіяподаў і іншай фаўны.
На Беларусі адклады мелавой сістэмы развіты на значнай частцы яе ўсходніх, цэнтральных і заходніх раёнаў. На паўднёвым усходзе адзначана максімальная магутнасць адкладаў — 365,1 м, на паўднёвым захадзе — 241 м.
Да мелавых адкладаў рэспублікі прымеркаваны шматлікія радовішчы мергельна-мелавых парод і значна менш радовішчаў фасфарытаў і сіліцытаў, а таксама 2 комплексы прэсных падземных водаў: верхні — карбанатны, ніжні — тэрыгенны.