ПАЛЕАГЕНАВАЯ СІСТЭМА (ПЕРЫЯД), палеаген — першае падраздзяленне кайназойскай эратэмы (эры) у геалагічнай гісторыі Зямлі
pdf

ПАЛЕАГЕНАВАЯ СІСТЭМА (ПЕРЫЯД)

Дата стварэння: 17.03.2025 10:53:33

Дата змены: 23.02.2026 11:55:32


Палеаге́навая сістэ́ма (перы́яд) (палеа- і грэч. genos нараджэнне, узрост).

Іншая назва: палеаген.

Першая (знізу) сістэма кайназойскай эратэмы, якая адпавядае палеагенаваму перыяду кайназойскай эры ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Ідзе пасля мелавой сістэмы (перыяду) мезазойскай эратэмы (эры) і папярэднічае неагенавай сістэме (перыяду).

Вылучана ў 1866 г. нямецкім геолагам Карлам Наўманам, да 1960 г. лічылася ніжнім аддзелам трацічнай сістэмы (перыяду).

Згодна з Міжнароднай хронастратыграфічнай шкалой (МХСШ, 2024) палеагенавы перыяд цягнуўся 42,96 млн гадоў (пачаўся 66 млн гадоў таму, скончыўся каля 23,04 млн гадоў таму).

Падзяляецца на 3 аддзелы геалагічныя (эпохі): палеацэнавы аддзел (эпоха), эацэнавы аддзел (эпоха) і алігацэнавы аддзел (эпоха); гл. табліцу.

У МХСШ у палеацэнавым аддзеле (эпосе) вылучаюцца 2 пададдзелы і 3 ярусы геалагічныя (вякі) — дацкі, зеландскі, танецкі; у эацэнавым — 3 пададдзелы і 4 ярусы (вякі) — іпрскі, лютэцкі, бартонскі, прыабонскі; у алігацэнавым — 2 пададдзелы і 2 ярусы — рупельскі і хацкі.

У палеагене завяршылася станаўленне сучасных мацерыкоў і акіянаў, сфарміраваліся восевыя часткі гор Альпійска-Гімалайскага пояса; платформы шмат разоў адчувалі марскія трансгрэсіі і рэгрэсіі; пачалося планетарнае пахаладанне клімату; на сушы ўсталявалася панаванне пакрытанасенных раслін і глабальнае распаўсюджанне плацэнтарных млекакормячых (старажытных драпежнікаў, капытных, прымітыўных прыматаў і інш.). З марскіх арганізмаў вялікае значэнне для карэляцыі тоўшчаў маюць форамініферы (нумуліты і інш.), нанапланктон, радыялярыі, малюскі і інш.

Адклады палеагенавай сістэмы (пераважна марскія) распаўсюджаны на ўсіх кантынентах. З імі звязаны цэлы шэраг карысных выкапняў: буры вугаль, нафта і газ, фасфарыты, баксіты, калійныя солі, жалезныя і марганцавыя руды і інш.

Тэрыторыя Беларусі ў палеагене адчула з паўднёвага ўсходу і захаду серыю марскіх трансгрэсій, якія чаргаваліся з рэгрэсіямі. У канцы эацэну мора паглынула больш як 60 % тэрыторыі, увесь поўдзень Беларусі да шыраты Мінска. У сярэдзіне алігацэну (каля 30 млн гадоў таму), калі адышло мора, пачаўся неатэктанічны этап (працягваецца і зараз) геалагічнага развіцця тэрыторыі: асадканазапашванне адбывалася ў рачных далінах, азёрах, забалочаных нізінах, развіваліся карставыя працэсы.

На працягу палеагену клімат змяніўся ад вільготнага трапічнага да субтрапічнага, блізкага да ўмеранага, узмацнілася яго сезоннасць і кантынентальнасць. Дажджавыя субтрапічныя з элементамі трапічных лясоў хвойна-шыракалістыя лясы ў эацэне замяніліся палтаўскай флорай з удзелам вечназялёных цвёрдалістых лясоў, у алігацэне — умерана цеплалюбівай тургайскай флорай з удзелам лістападных раслін.

У Беларусі згодна з данымі па вывучэнні пылку і спор, мікрафітапланктону і іншых арганізмаў распрацавана новая Стратыграфічная схема палеагенавай сістэмы, якая зацверджана Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (23.1.2017). У ёйпрадстаўлены ўсі 3 аддзелы. Вылучаны рэгіянальныя стратыграфічныя падраздзяленні — 7 гарызонтаў: сумскі, канеўскі, бучацкі, кіеўскі, харкаўскі, страдубскі і крупейскі, апошні — у аб’ёме ніжняй часткі брынёўскага надгарызонту (гл. табліцу), якім у разрадзе мясцовых стратыграфічных падраздзяленняў адпавядаюць серыі геалагічныя і світы геалагічныя.

На тэрыторыі Беларусі адклады палеагену распаўсюджаны ў межах Прыпяцкага прагіну, Падляска-Брэсцкай упадзіны, Беларускай антэклізы, Варонежскай антэклізы, Палескай седлавіны, Жлобінскай седлавіны, Брагінска-Лоеўскай седлавіны (перамычкі) і ў Лагойскай астраблеме. Залягаюць на глыбіні ад 30 да 220 м, у далінах рэк Дняпро, Сож, Іпуць выходзяць на дзённую паверхню. Найбольш шырокае распаўсюджанне маюць у паўднёвай і заходняй частках Беларусі.

Адклады палеагенавай сістэмы Беларусі прадстаўлены комплексам марскіх парод (сумскі, канеўскі, бучацкі, кіеўскі і харкаўскі гарызонты), прыбярэжна-марскіх і лімана-дэльтавых парод (страдубскі гарызонт), рознафацыяльных кантынентальных парод (крупейскі гарызонт). Магутнасць іх зменлівая, звычайна меншая за 80 м. У разрэзах пераважаюць глаўканітава-кварцавыя і кварцавыя пяскі і алеўрыты, з праслоямі мергелю, пясчаніку, глін і іншых парод.

З утварэннямі палеагенавай сістэмы ў Беларусі звязаны радовішчы фасфарытаў, шкловых і фармовачных пяскоў, вогнетрывалых і тугаплаўкіх глін, глаўканіту, бурых вугалёў, другасных каалінаў, праяўленні гліністай вохры, бурштыну, тытан-цырконіевых россыпаў; марскія пароды змяшчаюць значныя запасы прэсных падземных водаў.