НЕАГЕНАВАЯ СІСТЭМА (ПЕРЫЯД), неаген — другое падраздзяленне кайназойскай эратэмы (эры) у геалагічнай гісторыі Зямлі
pdf

НЕАГЕНАВАЯ СІСТЭМА (ПЕРЫЯД)

Дата стварэння: 16.02.2026 10:07:51

Дата змены: 10.03.2026 11:04:02


Неаге́навая сістэ́ма (перы́яд) (неа- і грэч. genos нараджэнне, узрост).

Іншая назва: неаген.

Другая (знізу) сістэма кайназойскай эратэмы, якая адпавядае аднайменнаму перыяду кайназойскай эры ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Ідзе пасля палеагенавай сістэмы (перыяду), папярэднічае чацвярцічнай сістэме (перыяду).

Вылучана ў 1853 г. аўстрыйскім геолагам Морысам Гёрнесам.

Паводле даных Міжнароднай хронастратыграфічнай шкалы (2024), неагенавы перыяд цягнуўся 20,46 млн гадоў (пачаўся 23,04 млн гадоў таму, скончыўся 2,58 млн гадоў таму); гл. табліцу.

Дзеліцца на 2 аддзелы геалагічных (эпохі): ніжні (ранняя) — міяцэнавы аддзел (эпоха) і верхні (позняя) — пліяцэнавы аддзел (эпоха). У міяцэнавым аддзеле (эпосе) вылучаны 3 пададдзелы і 6 ярусаў геалагічных (вякоў) — аквітанскі, бурдыгальскі, лангійскі, серавальскі, тартонскі, месінскі; у пліяцэнавым аддзеле (эпосе) — 2 пададдзелы і 2 ярусы (вякі) — занклскі, п’ячэнцкі. Гелазскі ярус, які ўваходзіў у склад неагену, разглядаецца ў якасці ніжняга яруса чацвярцічнай сістэмы (з 2009); рэкамендацыя аб паніжэнні мяжы ў Стратыграфічнай схеме Беларусі прынята 23.1.2017 г. Стратыграфічнай камісіяй (створана пры Дзяржаўным прадпрыемстве «Навукова-практычны цэнтр па геалогіі»).

Неагенавыя адклады шырока распаўсюджаны на ўсіх кантынентах і на дне акіянаў. Трансгрэсіі мораў адбываліся на фоне падняцця горных сістэм у альпійскую складкаватасць. У адкрытым акіяне значна ўзмацнілася біягенная седыментацыя. Аформіліся 3 паясы крэмене- і карбанатаназапашвання, якія належаць да сучаснага акіяна: экватарыяльны, паўночны і паўднёвы. У крэмененазапашванні вядучую ролю адыгралі дыятомавыя водарасці, у карбанатным — нанапланктон і форамініферы. Размеркаванне акіянаў, мораў і сушы паступова набліжалася да сучаснага.

Клімат неагену ў пачатку міяцэну быў адносна халодны. Да пачатку сярэдняга міяцэну наступіла пацяпленне, якое зноў змянілася пахаладаннем, якое прывяло ў 2‑й палове міяцэну да ўзнікнення ледавіковага покрыва ў Антарктыдзе. У Паўночным паўшар’і покрыўныя ледавікі з’явіліся падчас пліяцэну.

На сушы панавалі вышэйшыя расліны. Да канца неагену, у сувязі з пахаладаннем і арыдызацыяй праявілася шыротная занальнасць. Аформіліся ўсе сучасныя раслінныя зоны і фларыстычныя вобласці.

У сусветным акіяне важная роля належала фітапланктону (дыятомавыя, перыдыніевыя водарасці, нанапланктон), зоапланктону і бентасу (бруханогія і двухстворкавыя малюскі, чарвякі, ракападобныя, ігласкурыя, шасціпрамянёвыя каралы); сярод хордавых былі пашыраны касцістыя рыбы і храстковыя рыбы, водныя млекакормячыя.

На сушы на тэрыторыі Еўропы пасля вымерлых сумчатых, старажытных драпежных млекакормячых (крэадонтаў), шматлікіх прымітыўных капытных прыйшлі прадстаўнікі новых сямействаў, якія ў асноўным жывуць і дагэтуль: віды мядзведзяў, барсукоў, гіен, першыя хобатныя (мастадонты, дынатэрыі), продкі коней (анхітэрыі), першыя свінні, антылопы, алені, быкі, бараны. З’явіліся чалавекападобныя малпы. Сфарміраваліся новыя роды насякомых і грызуноў.

У неагенавую эпоху паўночная палова тэрыторыі Беларусі з’яўлялася дэнудацыйнай узвышанай раўнінай, у склад якой уваходзілі скальныя пароды дэвонскай сістэмы (перыяду), пакрытыя карой выветрывання, з тэрыторыі якой адбываўся знос абломкавага матэрыялу на акумуляцыйную нізіну на поўдні і паўднёвым захадзе тэрыторыі.

У раннім і сярэднім міяцэне клімат быў пераважна цёплы і вільготны, міжземнаморскага тыпу. Нізінную прастору займалі шыракалістыя і хвойна-шыракалістыя лясы з прадстаўнікамі палеатрапічнай геафлоры; былі распаўсюджаны балоцістыя лясы з таксодыевымі і нісай, на ўзвышаным рэльефе — з панаваннем хвоі.

Расліны вадаёмаў і балот належалі да цяпер ужо вымерлых відаў, частка з іх — да родаў, якія захаваліся ў трапічных і субтрапічных зонах Зямлі. Да сярэдзіны сярэдняга міяцэну адбылося моцнае пахаладанне, што прывяло да скарачэння торфаназапашвання (вугаленазапашвання), клімат стаў умерана кантынентальным, блізкім да сучаснага. Распаўсюдзіліся лясы барэальнага тыпу з драбналістых (бяроза, алешына) з прымессю шыракалістых і хвойных парод. Адначасова з пахаладаннем паўднёвая частка тэрыторыі Беларусі апусцілася, узніклі шырокія азёры, у якіх да канца міяцэну ва ўмовах пераважна ўмерана цёплага клімату назапашваліся глініста-алеўрытавыя тоўшчы антопальскага надгарызонту. У шыракалістых з прымессю хвойных і драбналістых парод і ў хвойна-шыракалістых лясах панавалі арктатрэтычныя сучасныя роды. Адкрытыя прасторы са злакавымі пашыраліся, калі адбываліся пахаладанні.

У пліяцэне плошчы асадканазапашвання зменшыліся і знаходзіліся ў рэках. У 1‑й палове пліяцэну клімат зноў стаў умерана цёплым, вільготным. Да канца пліяцэну наступіла глабальнае пахаладанне, раслі разрэджаныя хвойна-драбналістыя лясы, з’явіліся элементы лесатундравых ландшафтаў.

Жывёльны свет неагену складаўся ў асноўным з вымерлых відаў, хаця ўжо існавалі прадстаўнікі куніцавых, аленяў, зайцоў, ваўкоў і іншых сучасных сямействаў і атрадаў.

Згодна з новай Стратыграфічнай схемай Беларусі, зацверджанай Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (23.1.2017), вылучаны рэгіянальныя стратыграфічныя падраздзяленні — 2 надгарызонты: брынёўскі (уключае смалярскі і букчанскі гарызонты) і антопальскі (уключае бурноскі, лозскі, дзятомльскі, асокскі гарызонты і холмечскі гарызонт з двума падгарызонтамі). Узрост іх вызначаецца складам выкапнёвых раслін (палінакомплексы, фларыстычныя комплексы па насеннай флоры, дыятомавыя водарасці, адбіткі лісця) і часткова фаўнай астракод. Вылучаны таксама мясцовыя стратыграфічныя падраздзяленні — світы геалагічныя і адпаведныя надгарызонтам серыі геалагічныя.

На тэрыторыі Беларусі адклады неагену займаюць найбольшыя плошчы ў Прыпяцкім прагіне і Падляска-Брэсцкай упадзіне; таксама сустракаюцца на невялікіх плошчах на поўдзень ад лініі Маладзечна — Лагойск — Орша; выходзяць на дзённую паверхню ўздоўж правага берага ракі Дняпро каля вёсак Дварэц і Холмеч Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці і на радовішчах глін Гарадное Столінскага раёна Брэсцкай вобласці і Гарадок Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. Залягаюць на палеагенавых або з размывам на больш старажытных пародах.

Магутнасць адкладаў неагену — да 36 м на паўднёвым захадзе Беларусі, максімальная — 60–70 м на захадзе Прыпяцкага прагіну (Тонежскае радовішча бурага вугалю ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці). Адклады складаюцца з фацый літалагічных кантынентальных утварэнняў — з алювіяльных (назапашаных у рэчышчах рэк, на поймах у час разводдзя, у старычных і карставых азёрах поймаў), а таксама азёрных і балотных акумуляцый застойных азёрных вадаёмаў і балот, якія часта ўзнікалі ў краявых частках азёр ці цалкам займалі абмялелыя азёрныя ванны і карставыя варонкі.

У тоўшчы парод неагену чаргуюцца слаі кварцавых пяскоў (ад цёмна-шэрых і амаль чорных да светла-шэрых, жаўтаватых і ружаватых), глін і алеўрытаў (цёмна-шэрых і шэрых з рознымі адценнямі зялёных, жоўтых, аранжавых, вішнёва-чырвоных тонаў) з праслоямі і лінзамі бурага вугалю, сапрапеліту (часта з уключэннямі раслінных рэшткаў і створак дыятомавых водарасцей). Кварцавыя пяскі зрэдку пераходзяць у пясчанікі, слаба сцэментаваныя вуглістым і гліністым рэчывам.

У адкладах неагену распрацоўваюцца радовішчы тугаплаўкіх глін, шкловых і фармовачных кварцавых пяскоў, прэсных падземных водаў, разведаны радовішчы бурага вугалю (Брынёўскае ў Петрыкаўскім раёне, Жыткавіцкае ў Гомельскай вобласці і інш.) і больш за 40 вугалепраяўленняў, выяўлены паклады бентанітавай гліны і бурштыну.