Дата стварэння: 17.03.2025 10:48:50
Дата змены: 23.02.2026 11:55:31
Мезазо́йская эратэ́ма (э́ра) (грэч. mesos сярэдні і zoe жыццё).
Іншая назва: мезазой.
Сярэдняе падраздзяленне фанеразойскай эонатэмы, якое адпавядае мезазойскай эры фанеразойскага эону ў геалагічнай гісторыі Зямлі.
Ідзе пасля палеазойскай эратэмы (эры) і папярэднічае кайназойскай эратэме (эры).
Вылучана ў 1841 г. англійскім геолагам Джонам Філіпсам.
Мезазойская эратэма ўключае трыясавую сістэму (перыяд), юрскую сістэму (перыяд) і мелавую сістэму (перыяд). Падзяляецца на 8 аддзелаў (эпох) і 30 ярусаў (вякоў).
Згодна з Міжнароднай хронастратыграфічнай шкалой (2024), мезазойская эра цягнулася каля 186 млн гадоў (пачалася 251,902 ± 0,024 млн гадоў таму, скончылася 66 млн гадоў таму); гл. табліцу.
У мезазойскай эры адзначаліся інтэнсіўныя праявы складкаватасці, гораўтварэння, вулканічнай дзейнасці, частыя ваганні ўзроўню мора і кліматычныя змяненні. У пачатку мезазою (каля 250 млн гадоў таму) скончылася фарміраванне суперкантынента Пангея, якую акружаў Ціхі акіян. На мяжы з акіянам развіваліся рухомыя паясы: Альпійска-Гімалайскі, Заходне-Ціхаакіянскі і Усходне-Ціхаакіянскі. На мяжы ранняй і сярэдняй юры́ (каля 175 млн гадоў таму) пачаўся паступовы распад Пангеі на кантыненты Лаўразію і Гандвану і пачалося фарміраванне Атлантычнага, Паўночна-Ледавітага і Індыйскага акіянаў, а таксама акіяна Неатэтыс. У канцы мезазою ў выніку праяў мезазойскай складкаватасці аблічча Зямлі прыняло па многіх прыкметах сучасныя абрысы: Лаўразія падзялілася на Еўразію і Паўночную Амерыку, Гандвана — на Афрыку, Індыйскі субкантынент, Аўстралію, Паўднёвую Амерыку і Антарктыду. Тэктанічны распад суперкантынентаў і цёплы клімат спрыялі відаўтварэнню і іншым важным эвалюцыйным падзеям.
У геалагічнай будове тэрыторыі Беларусі прымалі ўдзел адклады ўсіх сістэм мезазойскай эры. Агульная іх магутнасць у Прыпяцкім прагіне складае больш за 1 000 м.
У трыясе большая частка тэрыторыі Беларусі была сушай, асадканазапашванне адбывалася ў апрэсненых лагунах і азёрных вадаёмах, у якіх сфарміраваліся пераважна стракатаколерныя пясчана-гліністыя і глініста-мергелістыя тоўшчы магутнасцю ад 10–50 м (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна) да 500–700 м і болей (Прыпяцкі прагін).
Для адкладаў трыясу характэрна рытмічная будова разрэзаў, наяўнасць праслояў аалітавых вапнякоў і пясчанікаў, рэдкія рэшткі выкапнёвай фаўны і флоры. З канца трыясу і да сярэдзіны ранняй юры ўся тэрыторыя Беларусі заставалася сушай.
У канцы ранняй і пачатку сярэдняй юры ўсталяваліся прыбярэжна-кантынентальныя ўмовы аcадканазапашвання (азёрныя, алювіяльныя), якія прывялі да ўтварэння пясчана-гліністай тоўшчы магутнасцю больш за 160 м з лінзамі бурых вугалёў (Прыпяцкі прагін). У канцы сярэдняй і пачатку позняй юры мелкаводныя марскія басейны нармальнай салёнасці пакрывалі значную частку заходніх і ўсходніх раёнаў Беларусі, дзе сфарміраваліся тоўшчы тэрыгенна-карбанатных парод (вапнякі, мергелі, гліны, алеўраліты, пясчанікі) магутнасцю да 100–120 м (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна і заходні схіл Беларускай антэклізы) і да 200 м (Прыпяцкі прагін). Характэрная асаблівасць разрэзу юрскіх адкладаў — вугляноснасць, прысутнасць праслояў жалезістых аалітаў у ніжняй частцы і наяўнасць арганагенных (каралава-губкавых) вапнякоў у верхняй. Рэшткі выкапнёвых жывёл у карбанатных пародах юры прадстаўлены форамініферамі, астракодамі, малюскамі, караламі, марскімі вожыкамі і інш. Сярод раслінных рэшткаў знаходзяцца адбіткі сцёблаў, каранёў і лісця, споры і пылок раслін. На мяжы позняй юры і ранняга мелу тэрыторыя Беларусі зноў была сушай.
У ранне- і познемелавы́ перыяд трансгрэсіі і рэгрэсіі неаднаразова пакрывалі тэрыторыю, што абумовіла фарміраванне дзвюх магутных тоўшчаў парод: ніжнемелавой пясчанай і пясчана-гліністай некарбанатнай магутнасцю да 70 м (заходні схіл Беларускай антэклізы) і больш як 80 м (усходняя частка Прыпяцкага прагіну) і верхнемелавой тэрыгенна-карбанатнай (пераважна мергельна-мелавыя пароды) магутнасцю да 241 м (на захадзе) і больш як 360 м (на ўсходзе). У канцы мелу мора адступіла з тэрыторыі Беларусі. Характэрныя асаблівасці мелавых адкладаў: наяўнасць у карбанатнай верхнемелавой тоўшчы ўнікальнай пароды мелу пісчага, а таксама жаўлакоў крэменю, фасфарытаў і глаўканітаў. Пароды ўключаюць багатыя выкапнёвыя рэшткі: форамініферы, какалітафарыды, астракоды, радзей сустракаюцца белемніты, фрагменты касцістых рыб і іншай фаўны. У ніжнемелавых тэрыгенных утварэннях адзначаны праслоі аалітава-жалезістых глін і пясчанікаў, сідэрыталітаў і пясчанікаў з сідэрытавым цэментам. Сярод выкапнёвых арганічных рэшткаў адзначаны форамініферы, споры і пылок раслін.