ПАЛЕАЗОЙСКАЯ ЭРАТЭМА (ЭРА), палеазой — падраздзяленне фанеразойскай эонатэмы (эона) у геалагічнай гісторыі Зямлі
pdf

ПАЛЕАЗОЙСКАЯ ЭРАТЭМА (ЭРА)

Дата стварэння: 16.02.2026 10:11:34

Дата змены: 23.02.2026 11:55:32


Палеазо́йская эратэ́ма (э́ра) (палеа- і zoe жыццё).

Іншая назва: палеазой.

Першае падраздзяленне фанеразойскай эонатэмы, якое адпавядае аднайменнай эры фанеразойскага эону ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Ідзе пасля пратэразою і папярэднічае мезазойскай эратэме (эры).

Выдзелена ў 1837 г. англійскім геолагам Адамам Сэджвікам. Ён уключыў у яе 2 перыяды — сілурыйскі і дэвонскі. Аднак тады палеазойскую эру (эратэму) разглядалі як найстаражытнейшыя фаўністычна ахарактарызаваныя слаі, якія залягаюць вышэй за першасныя пароды. У сучасным разуменні палеазой — гэта адасоблены слой адкладаў 1‑га буйнога этапу арганічнай эвалюцыі. Такое тлумачэнне палеазой атрымаў у апублікаваных у 1840–1841 гг. работах англійскага геолага, прафесара Оксфардскага ўніверсітэта Джона Філіпса, які аднёс да гэтага этапу перыяды ад кембрыйскага да пермскага. Надалей аўтары, якія ставілі будову стратыграфічнай шкалы ў залежнасць ад арганічнай эвалюцыі або ходу геалагічнай гісторыі, абапіраліся на суб’ектыўны якасны аналіз іншых няпоўных матэрыялаў і неаднаразова спрабавалі падраздзяліць гісторыю і пабудаваць шкалу па-іншаму. Аднак, далейшае геалагічнае стварэнне карт рэгіёнаў свету, а таксама далучэнне матэрыялаў па пелагічных групах і наземных групах выкапнёвых арганізмаў пацвердзілі правільнасць падраздзяленняў геахраналогіі, прапанаваных Д. Філіпсам.

Першую глабальную палеамагнітную рэканструкцыю фанеразойскага руху кантынентаў апублікавалі ў 1973 г. Адам Сміт, Джэйсан Брайдэн і іншыя даследчыкі. Гэта былі карты палеамагнітных рэканструкцый размяшчэння мацерыкоў для ўсяго фанеразойскага часу. Вучоныя выкарысталі пры стварэнні гэтых карт толькі палеамагнітныя даныя па кантынентах. У 1977 г. савецкія даследчыкі Л. П. Заненшайн і А. М. Гарадніцкі прадставілі сваю мадэль, якая грунтавалася на адзіных сусветных магнітных даных з некаторымі дапаўненнямі і змяненнямі да кожнай мадэлі. У 1978 г. была апублікавана кінематычная мадэль канадскіх навукоўцаў пад кіраўніцтвам Э. Канасевіча, а таксама мадэль рэканструкцыі ўзаемнага размяшчэння мацерыкоў у палеазоі англійскіх геолагаў П’ера Марэля, Эдварда Ірвінга і інш.

Палеазой складаецца з кембрыйскай сістэмы (перыяду), ардовікскай сістэмы (перыяду), сілурыйскай сістэмы (перыяду), дэвонскай сістэмы (перыяду), каменнавугальнай сістэмы (перыяду) і пермскай сістэмы (перыяду), якія падраздзяляюцца на 17 аддзелаў геалагічных (эпох) і 42 ярусы геалагічныя (вякі); гл. табліцу.

Згодна з Агульнай стратыграфічнай шкалой (АСШ, 2024) палеазойская эратэма цягнулася каля 283,098 млн гадоў (пачалася каля 535 ± 1* млн гадоў таму, скончылася 251,902 ± 0,024 млн гадоў таму); гл. табліцу. Ніжняя ўзроставая мяжа палеазойская эратэмы ў АСШ не супадае з усталяванай у Міжнароднай хронастратыграфічнай шкале (МХСШ, 2024) — 538,8 ± 0,6 млн гадоў таму.

Платформы ў Паўночным і Паўднёвым паўшар’ях, утвораныя ў дапалеазойскі час, падчас палеазою шматразова затапляліся морамі, дзе назапашваліся марскія адклады. На кантынентах фарміраваліся чырванаколерныя пароды, у найбольш глыбокіх частках — вугляносныя тоўшчы і эвапарытавыя ўтварэнні.

Адбываліся тэктанічныя рухі з інтэнсіўным вулканізмам, гораўтваральныя працэсы (каледонская складкаватасць і герцынская складкаватасць). У канцы палеазою платформы Паўночнага паўшар’я ўтварылі суперкантынент Лаўразію, Паўднёвага — Гандвану, якія падзяляў акіян Тэціс.

У жывёльным свеце ў пачатку палеазою з’явіліся арганізмы з цвёрдым мінералізаваным шкілетам, у кембрыі — археацыяты, трылабіты, беззамковыя брахіяподы, у ардовіку — сілуры — грапталіты, імшанкі, наўтылаідэі, канадонты, у дэвоне — ганіятыты, гастраподы, замковыя брахіяподы, каралы, у каменнавугальнай і пермскай сістэмах — форамініферы, двухстворкавыя малюскі (пелецыподы) і інш.; з пазваночных — рыбы, земнаводныя.

У раслінным свеце ў кембрыі — ардовіку пераважалі водарасці, у сілуры — першыя наземныя расліны (рыніяфіты), у дэвоне — мохападобныя і інш., у каменнавугальным — дрэвападобныя (асноўная крыніца вугленазапашвання), у пермскім — хвойныя і інш.

З адкладамі палеазою звязаны найбагацейшыя радовішчы каменнага вугалю, нафты, мінеральных солей, фасфарытаў, жалезных руд, медзі, золата і інш.

На тэрыторыі Беларусі выкарыстоўваецца АСШ палеазою, апісаная ў Стратыграфічным кодэксе Расіі (Санкт-Пецярбург, 2019); адрозніваецца ад МХСШ дзяленнем на аддзелы і ярусы кембрыйскай, ардовікскай, каменнавугальнай і пермскай сістэм.

На тэрыторыі Беларусі вядомы адклады ўсіх сістэм палеазойскай эратэмы, якія сфарміраваліся ў выніку неаднаразовых наступленняў трансгрэсій мора як з боку Балтыйскай сінеклізы і Люблінска-Львоўскага прагіну, так і з боку Маскоўскай сінеклізы і Дняпроўска-Данецкага прагіну.

Для разрэзаў кембрыю ўласцівы гліны, пясчанікі, алеўрыты магутнасцю да 430 м; для ардовіку — вапнякі, даламіты, мергелі, гліны магутнасцю да 150 м; для сілуру — арганагенныя вапнякі, мергелі, гліны магутнасцю да 630 м. Адклады кембрыю, ардовіку, сілуру прысутнічаюць у асноўным на паўднёвым захадзе (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна) і паўночным захадзе (усходні схіл Балтыйскай сінеклізы).

Разрэз дэвону, які складзены вапнякамі, даламітамі, мергелямі, пясчанікамі, глінамі, гіпсамі, ангідрытамі, каменнай соллю і калійнымі солямі, вулканагеннымі ўтварэннямі, максімальнай магутнасцю да 3,5 км, знаходзіцца ў межах Прыпяцкага прагіну.

Разрэз карбону, прадстаўлены пясчанікамі, глінамі, глініста-мергельнымі пародамі з праслоямі вапнякоў, даламітаў і бурых вугалёў, мае магутнасць ад некалькіх метраў да 1 км у Прыпяцкім прагіне і да 90 м на самым паўднёвым захадзе Валынскай монакліналі.

Адклады пермі, якія прадстаўлены чырванаколернымі пясчанікамі, глінамі, даламітамі і іншымі пародамі, магутнасцю ад 30 да 500 м, вядомы ў Прыпяцкім прагіне, Падляска-Брэсцкай упадзіне і на ўсходнім схіле Балтыйскай сінеклізы.

Да адкладаў палеазою на Беларусі таксама прымеркаваны радовішчы нафты, гаручых сланцаў, даўсанітаў, карналітаў, рэдкаметальных расолаў, пітных і мінералізаваных водаў.