Дата стварэння: 17.03.2025 11:02:01
Дата змены: 10.03.2026 11:07:03
Сілуры́йская сістэ́ма (перы́яд) (ад назвы старажытнага племя сілураў, якое жыло на тэрыторыі сучаснага Уэльса, Вялікабрытанія).
Іншая назва: сілур.
Трэцяе (знізу) падраздзяленне палеазойскай эратэмы, якое адпавядае сілурыйскаму перыяду палеазойскай эры ў геалагічнай гісторыі Зямлі.
Вылучана ў 1835 г. англійскім геолагам Родэрыкам Му́рчысанам.
Ідзе пасля ардовікскай сістэмы (перыяду) і папярэднічае дэвонскай сістэме (перыяду).
Паводле даных Міжнароднай хронастратыграфічнай шкалы (2024), сілурыйскі перыяд цягнуўся каля 23,48 млн гадоў (пачаўся каля 443,1 ± 0,9 млн гадоў таму, скончыўся каля 419,62 ± 1,36 млн гадоў таму).
Падзяляецца на 4 аддзелы геалагічныя (эпохі), якія дзеляцца на 4 ярусы геалагічныя (вякі): лландаверыйскі, венлокскі, лудлаўскі і пржыдольскі (да 1984 вылучаўся аўнтонскі). Лландаверыйскі аддзел уключае 3 ярусы: руданскі, аэронскі (у Беларусі гэтыя адклады адсутнічаюць) і тэліцкі; венлокскі — 2 ярусы: шэйнвудскі, гамерскі; лудлаўскі — 2 ярусы: гарстыйскі, лудфардскі; для пржыдольскага аддзела дзяленне не распрацавана.
У Агульнай стратыграфічнай шкале (2024) уведзена дзяленне сілурыйскай сістэмы на 2 падсістэмы — ніжнесілурыйскую (складаецца з лландаверыйскага і венлокскага аддзелаў) і верхнесілурыйскую (складаецца з лудлаўскага і пржыдольскага аддзелаў).
Для сілуру існуе адзіная шкала грапталітавых зон, складзеная на падставе вывучэння класічных разрэзаў у Вялікабрытаніі і Чэхіі.
Сілурыйскія адклады шырока распаўсюджаны на ўсіх кантынентах, прадстаўлены ў асноўным марскімі карбанатнымі пародамі, кантынентальныя адклады рэдкія. На фоне руху палеакантынентаў (Лаўразіі і Гандваны) каледонскай эпохі тэктагенезу (каледонская складкаватасць) адбываліся трансгрэсіі мораў.
На пачатку сілуру ўсю еўрапейскую частку Паўночнага паўшар’я захапіла магутная марская трансгрэсія, у выніку чаго ў сярэдзіне і ў 2‑й палове перыяду стабілізаваліся марскія басейны, наступіў росквіт найбагацейшай фаўны беспазваночных (брахіяподаў, малюскаў, каралаў, астракод і інш.). У мелкаводных карбанатных і карбанатна-гліністых фацыях літалагічных былі шырока распаўсюджаны прадстаўнікі мелкаводнага бентасу (кішачнаполасцевыя, брахіяподы, трылабіты, імшанкі, ігласкурыя, малюскі), у глыбакаводных (аргілітавых) фацыях прыкметна пераважалі грапталіты, радзей сустракаліся канадонты і галаваногія малюскі. У канцы перыяду з’явіліся першыя папарацепадобныя (птэрыдафіты).
Завяршыўся сілурыйскі перыяд рэгрэсіяй мора і шырокім развіццём лагунных фацый.
На тэрыторыі Беларусі сілурыйскія адклады распаўсюджаны ў двух ізаляваных адзін ад аднаго раёнах: на паўднёвым захадзе (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна і Валынская монакліналь) у Брэсцкай вобласці і на паўночным захадзе (Прыбалтыйская монакліналь) у Віцебскай і Мінскай абласцях.
У Беларусі на падставе вывучэння грапталітаў, брахіяподаў, імшанак, акрытархаў, распрацавана новая Стратыграфічная схема Беларусі, зацверджаная пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (23.1.2017). Вылучаны рэгіянальныя стратыграфічныя падраздзяленні — гарызонты (зэльвянскі, ліпноўскі, франапольскі, русілоўскі, ляснянскі, мухавецкі і кусцінскі, якія супастаўляюцца з рэгіянальнымі гарызонтамі заходняй часткі Усходне-Еўрапейскай платформы), а таксама мясцовыя — світы геалагічныя.
Найбольш поўны разрэз сілурыйскай сістэмы (усе аддзелы) ускрыты ў Падляска-Брэсцкай упадзіне, дзе максімальная магутнасць адкладаў дасягае 560 м. Адклады прадстаўлены пераважна вапнякамі з шматлікай бентаснай фаўнай і арганагеннымі будовамі ва ўсходняй частцы тэрыторыі іх распаўсюджання і тоўшчай перапластоўвання вапнякоў, мергеляў, аргілітаў з рэшткамі грапталітаў у яе заходняй частцы.
Адклады толькі ніжняга аддзела выяўлены на Прыбалтыйскай монакліналі, дзе разрэз мае магутнасць да 76 м і прадстаўлены другасна даламітызаванымі мергелямі і глінамі з праслоямі даламітаў.
На тэрыторыі Беларусі сілурыйскія адклады, якія могуць выкарыстоўвацца ў якасці калектараў для прэсных падземных водаў і мінеральных водаў.