Дата стварэння: 16.02.2026 10:09:27
Дата змены: 23.02.2026 11:55:32
Ардо́вікская сістэ́ма (перы́яд) (ад назвы старажытнага племя ардовікаў, якое жыло на тэрыторыі сучаснага паўночнага Уэльса, Вялікабрытанія).
Іншая назва: ардовік.
Другое (знізу) падраздзяленне палеазойскай эратэмы, якое адпавядае ардовікскаму перыяду палеазойскай эры ў геалагічнай гісторыі Зямлі.
Ідзе пасля кембрыйскай сістэмы (перыяду), папярэднічае сілурыйскай сістэме (перыяду).
Вылучана ў 1879 г. англійскім геолагам Чарльзам Лэпвартам, які таксама даў назву сістэме.
Ардовік прыняты ў якасці самастойнай сістэмы на 21‑й сесіі Міжнароднага геалагічнага кангрэса ў 1960 г. Раней ардовікская сістэма разглядалася ў якасці ніжняга (ардовікскага) аддзела сілурыйскай сістэмы.
Паводле Міжнароднай хронастратыграфічнай шкалы (2024), ардовікскі перыяд цягнуўся каля 43,05 млн гадоў (пачаўся 486,85 ± 1,5 млн гадоў таму, скончыўся — 443,1 ± 0,9 млн гадоў таму).
У Вялікабрытаніі ардовікская сістэма падзелена на 6 серый геалагічных, узведзеных у ранг ярусаў геалагічных (знізу ўверх): трэмадокскі, аранігскі, лланвірнскі, лландэйлокскі (у 1995 уключаны ў склад верхняга лланвірну), карадокскі, ашгільскі, якія пазней былі аб’яднаны ў 3 аддзелы геалагічныя: ніжні, сярэдні, верхні.
З ардовікскім перыядам звязаны праявы каледонскай складкаватасці, наступленне на платформы шырокай трансгрэсіі, якая выклікала значнае павелічэнне плошчы эпікантынентальных мораў.
Арганічны свет ардовікскага перыяду ў параўнанні з кембрыйскім быў надзвычай багаты і разнастайны. Найбольш шырокае распаўсюджанне атрымалі беспазваночныя жывёлы, такія як грапталіты, трылабіты і некаторыя галаваногія атрады наўтылаідэй (тыповыя для адносна глыбакаводных цёмнаколерных фацый), а таксама брахіяподы, імшанкі, ігласкурыя, канадонты, малюскі (тыповыя для мелкаводных, пераважна карбанатных, шэраколерных фацый). У асобных басейнах (або іх частках) шырока рассяляліся вапняковыя водарасці і акрытархі.
З карысных выкапняў вядомы радовішчы нафты, гаручых сланцаў (кукерсіты), фасфарытаў.
Для Беларусі на падставе вывучэння брахіяподаў, імшанак, акрытарх распрацавана новая Стратыграфічная схема ардовікскай сістэмы, зацверджаная Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (23.1.2017).
У яе складзе вылучаны 3 аддзелы (эпохі): ніжні (ранняя), сярэдні (сярэдняя) і верхні (позняя). Ніжняму аддзелу адпавядае амаль увесь флоскі ярус (адклады трэмадокскага яруса і самай ніжняй часткі флоскага яруса на тэрыторыі Беларусі адсутнічаюць); сярэдні аддзел уключае дапінскі і дарывільскі ярусы; верхні — сандбійскі, катыйскі і хірнанцкі ярусы. Нароўні з міжнароднымі (агульнымі) стратыграфічнымі падраздзяленнямі вылучаны рэгіянальныя — надгарызонты, гарызонты і падгарызонты; гл. табліцу. Гарызонты вылучаны згодна з біястратыграфічнымі зонамі па мікра- і макрафаўне. Флоскі ярус уключае білінгенскі гарызонт; дапінскі — большую частку волхаўскага гарызонту; дарывільскі — верх волхаўскага гарызонту, азярыскі, ласнамягіскі і ўхакускі гарызонты; сандбійскі — кукрузескі, ідавярэскі, йыхвіскі і кейласкі гарызонты; катыйскі — аандускі, раквярэскі, набаласкі, вармсіскі і піргускі гарызонты; хірнанцкі — паркуніскі гарызонт (гл. табліцу). У стратыграфічнай схеме ардовікскіх адкладаў прадстаўлена таксама мясцовая стратыграфічная шкала ў аб’ёме серый геалагічных і світ геалагічных, якія супастаўляюцца з рэгіянальнымі гарызонтамі заходняй часткі Усходне-Еўрапейскай платформы.
На тэрыторыі Беларусі адклады ардовікскай сістэмы распаўсюджаны ў двух ізаляваных адзін ад аднаго раёнах: на паўднёвым захадзе (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна і Валынская монакліналь) у Брэсцкай вобласці і паўночным захадзе (Прыбалтыйская монакліналь) у Віцебскай і Мінскай абласцях.
На Прыбалтыйскай монакліналі адклады ардовікскай сістэмы прадстаўлены ў аб’ёме 6 ярусаў: флоскі, дапінскі, дарывільскі, сандбійскі, катыйскі і хірнанцкі; на Падляска-Брэсцкай упадзіне — у аб’ёме 5 ярусаў: флоскі, дапінскі, дарывільскі, сандбійскі ярусы і самая ніжняя частка катыйскага яруса (ніжняя частка аандускага гарызонту). Утварэнні большай верхняй часткі катыйскага і хірнанцкага ярусаў тут адсутнічаюць.
Найбольш поўны разрэз ардовікскай сістэмы (усе аддзелы) ускрыты на Прыбалтыйскай монакліналі, дзе магутнасць адкладаў дасягае 158 м. Адклады прадстаўлены карбанатнымі і глініста-карбанатнымі пародамі — вапнякамі з праслоямі мергелю, уключэннямі аалітаў і глаўканіту, а таксама глінамі і гліністымі вапнякамі з бентаснай фаўнай. У Падляска-Брэсцкай упадзіне разрэз ардовіку скарачаецца да 40 м, складзены пераважна карбанатнымі пародамі (вапнякамі, мергелямі), у аснове разрэзу з кварцава-глаўканітавымі пяскамі.
На тэрыторыі рэспублікі адклады ардовікскай сістэмы могуць выкарыстоўвацца ў якасці калектараў для прэсных падземных водаў і мінеральных водаў.