КЕМБРЫЙСКАЯ СІСТЭМА (ПЕРЫЯД), кембрый — першае падраздзяленне палеазойскай эратэмы (эры) у геалагічнай гісторыі Зямлі
pdf

КЕМБРЫЙСКАЯ СІСТЭМА (ПЕРЫЯД)

Дата стварэння: 16.02.2026 10:03:13

Дата змены: 23.02.2026 11:55:32


Кембры́йская сістэ́ма (перы́яд) (ад Камбрыя, лац. Cambria — старая назва Уэльса, якая з’яўляецца часткай Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі).

Іншая назва: кембрый.

Першая (знізу) сістэма палеазойскай эратэмы, якая адпавядае кембрыйскаму перыяду палеазойскай эры, і ўсёй фанеразойскай эанатэмы (эону) у геалагічнай гісторыі Зямлі.

Ідзе пасля дакембрыя і папярэднічае ардовікская сістэме (періяду).

Вылучана ў 1835 г. англійскім геолагам Адамам Сэджвікам.

Згодна з Агульнай стратыграфічнай шкалой (АСШ, 2024) кембрыйскі перыяд цягнуўся каля 48,15 млн гадоў (пачаўся каля 535 ± 1* млн гадоў таму, скончыўся 486,85 ± 1,5 млн гадоў таму); гл. табліцу. Ніжняя ўзроставая мяжа кембрыйскай сістэмы ў АСШ не супадае з усталяванай у Міжнароднай хронастратыграфічнай шкале (МХСШ, 2024) — 538,8 ± 0,6 млн гадоў таму

Кембрыйская сістэма ў АХШ паздзелена на 3 аддзелы геалагічныя (эпохі) — ніжні (ранняя), сярэдні (сярэдняя), верхні (позняя), у МХСШ — на 4, і 10 ярусаў геалагічных; планетарнага дзялення на ярусы не мае.

Ярусы выдзелены для Сібірскай платформы і Усходне-Еўрапейскай платформы (у межах былога СССР): тамоцкі, атдабанскі, батомскі, таёнскі (ніжні аддзел), амгінскі, майскі і аюсаканскі (сярэдні аддзел), сакскі, аксайскі і батырбайскі (верхні аддзел).

У кембрыйскіх адкладах змяшчаюцца розныя групы выкапнёвай фаўны: грапталіты, трылабіты, малюскі, водарасці, брахіяподы (беззамковыя формы), археацыяты, ігласкурыя.

Кембрый — час узнікнення і росквіту класа трылабітаў. Яны з’яўляюцца старажытнай групай членістаногіх жывёл, бліжэй за ўсё стаяць да ракападобных. Усе вядомыя прадстаўнікі былі марскімі жывёламі.

З кембрыйскім перыядам звязана з’яўленне шкілетнай фаўны, магутныя трансгрэсіі і разнастайныя фацыяльныя ўмовы асадканазапашвання (тэрыгенныя адклады на Усходне-Еўрапейскай і Паўночна-Амерыканскай, карбанатныя на Сібірскай і Кітайскай платформах, а таксама эвапарытавыя і чарнасланцавыя на розных платформах).

Нароўні з асадкавымі пародамі кембрыйская сістэма ўключае вулканагенныя і магматычныя ўтварэнні, якія сустракаюцца на ўсіх кантынентах Зямлі.

У Беларусі на падставе рэчыўнага складу парод і змешчаных у іх выкапнёвых арганічных рэшткаў (акрытархаў і водарасцей, беззамковых брахіяподаў) распрацавана новая Стратыграфічная схема, зацверджаная Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (23.1.2017).

У ёй вылучаны 3 аддзелы: ніжні, сярэдні і верхні. На тэрыторыі краіны прадстаўлены 2 аддзелы — ніжні і сярэдні, якія ўстаноўлены, адпаведна, у паўднёва-заходняй (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна) і паўночна-заходняй (усходні схіл Балтыйскай сінеклізы) яе частках. Вылучаны таксама ярусы, характэрныя для ўсёй Усходне-Еўрапейскай платформы. Ніжняму аддзелу адпавядаюць тамоцкі, атдабанскі, батомскі і таёнскі ярусы, сярэдняму — амгінскі і майскі ярусы. Рэгіянальнымі стратыграфічнымі падраздзяленнямі адзначаны гарызонты, вылучаныя на падставе акрытархавых і фаўністычных лон. Тамоцкаму ярусу адпавядаюць ровенскі і лантаваскі гарызонты; атдабанскаму — дамінапольскі і вергальскі гарызонты; батомскаму — ніжняя частка раўсвенскага гарызонту; таёнскаму — верхняя частка раўсвенскага гарызонту; амгінскаму — кібартайскі гарызонт; майскаму — свірскі гарызонт; гл. табліцу. У паўднёва-заходняй частцы краіны разрэз кембрыйскіх адкладаў прадстаўлены ровенскім, лантаваскім, дамінапольскім, вергальскім, раўсвенскім і кібартайскім гарызонтамі, у паўночна-заходняй частцы — ровенскім, лантаваскім і свірскім гарызонтамі. У стратыграфічнай схеме кембрыйскіх адкладаў вылучаны таксама мясцовыя стратыграфічныя падраздзяленні — світы геалагічныя, якія прадстаўлены ў дзвюх структурна-фацыяльных зонах: паўднёва-заходняй (стратыграфічны разрэз тут найбольш магутны, да 436 м, і поўны) і паўночна-заходняй (магутнасць не больш чым 130 м).

Кембрыйскія адклады складзены пясчанікамі, алеўралітамі, глінамі. Абломкавыя пароды — палёвашпатава-кварцавыя і кварцавыя, з глаўканітам; гліністыя — гідраслюдзістыя і каалін-гідраслюдзістыя, з прымессю хларыту. Суадносіны розных тыпаў парод змяняюцца па плошчы, а таксама ў вертыкальным разрэзе і надаюць тоўшчы рытмічную будову (на ўзроўні світ геалагічных, літалагічных пачкаў).

Кембрыйскія адклады на заходняй ускраіне Усходне-Еўрапейскай платформы змяшчаюць нафтавыя і газавыя радовішчы (Балтыйская сінекліза), нафтагазаперспектыўныя (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна і Валынская ўпадзіна), а таксама з’яўляюцца калектарамі для запампоўвання газу пры стварэнні падземных сховішчаў газу.