Дата стварэння: 16.02.2026 10:15:37
Дата змены: 10.03.2026 11:07:40
Фанеразо́йская эонатэ́ма (эо́н) (грэч. phaneros яўны, адкрыты і zoe жыццё).
Іншая назва: фанеразой.
Буйнейшае падраздзяленне Міжнароднай хронастратыграфічнай шкалы (МХСШ, 2024) і Агульнай стратыграфічнай шкалы (АСШ, 2024).
Ахоплівае сукупнасць усіх адкладаў, што залягаюць вышэй за ўтварэнні пратэразою.
Тэрмін прапанаваны ў 1930 г. амерыканскім геолагам Джорджам Холкатам Чэдвікам, які падзяліў геалагічную гісторыю Зямлі на 2 эоны: дакембрый і фанеразой.
Падраздзяляецца на 3 эратэмы (эры): палеазойскую эратэму (эру), мезазойскую эратэму (эру) і кайназойскую эратэму (эру); гл. табліцу.
Ніжняя мяжа фанеразойскай эонатэмы супадае з ніжняй мяжой (падэшвай) кембрыйскай сістэмы (перыяду), стратыграфічнае становішча і ўзрост якой па-рознаму вызначаюцца ў МХСШ (падэшва фартунскага яруса тэрэнуўскага аддзела кембрыю, 538,8 ± 0,6 млн гадоў таму) і АСШ (падэшва тамоцкага яруса ніжняга аддзела кембрыю, 535 ± 1* млн гадоў).
Адрозніваецца ад пратэразою з’яўленнем шкілетнай фаўны ў моры, раслін на сушы і рэзкім павелічэннем дыферэнцыяцыі эндагенных геалагічных працэсаў і экзагенных геалагічных працэсаў, якія прывялі да фарміравання акіянаў і кантынентаў, а таксама да агульнага прагрэсіўнага развіцця біясферы, змянення складу атмасферы, утварэння разнастайных арганагенных горных парод і біягенных карысных выкапняў.
З ўлікам этапнасці развіцця арганічнага свету для фанеразою [з кембрыю да чацвярцічнай сістэмы (перыяду)] складзена МХСШ, пакладзеная ў аснову новых дэталёвых стратыграфічных схем (2017) тэрыторыі Беларусі.
У Беларусі да адкладаў фанеразою прымеркаваны ўсе асноўныя тыпы карысных выкапняў (нафта, буры вугаль, гаручыя сланцы, каменная соль і калійныя солі, фасфарыты, мел, даламіты, сапрапелі, торф, запасы прэсных падземных водаў, мінеральных водаў, прамысловых расолаў і інш.).