Дата стварэння: 17.03.2025 10:47:30
Дата змены: 10.03.2026 10:56:26
Каменнаву́гальная сістэ́ма (перы́яд) (названа з-за багатага вуглеўтварэння ў гэты час, у прыватнасці, па шырокім развіцці адкладаў каменнага вугалю ў паўднёвай частцы Англіі).
Іншая назва: карбон.
Пятая (знізу) сістэма палеазойскай эратэмы, якая адпавядае каменнавугальнаму перыяду палеазойскай эры ў геалагічнай гісторыі Зямлі.
Ідзе пасля дэвонскай сістэмы (перыяду) і папярэднічае пермскай сістэме (перыяду).
Выдзелена ў 1822 г. англійскімі даследчыкамі Уільямам Канібірам і Уільямам Філіпсам.
Паводле Міжнароднай хронастратыграфічнай шкалы (2024) з’яўляецца самым працяглым перыядам у палеазойскайэры — каля 60 млн гадоў (пачаўся 358,86 ± 0,19 млн гадоў таму, скончыўся 298,9 ± 0,15 млн гадоў таму); гл. табліцу.
Згодна з Агульнай стратыграфічнай шкалой (2024), каменнавугальная сістэма падраздзяляецца на 3 аддзелы геалагічныя (эпохі): ніжні (ранняя), сярэдні (сярэдняя), верхні (позняя) і 7 ярусаў геалагічных (вякоў): турнейскі, візейскі і серпухаўскі (у ніжнім аддзеле), башкірскі і маскоўскі (у сярэднім), касімаўскі і гжэльскі (у верхнім).
У Заходняй Еўропе, згодна з рашэннямі 32‑й сесіі Міжнароднага геалагічнага кангрэса (2004), каменнавугальную сістэму (перыяд) дзеляць на 2 аддзелы: ніжні (місісіпскі, адпавядае ніжняму карбону) і верхні (пенсільванскі, аб’дноўвае сярэдні і верхні карбон).
На працягу карбону сярод беспазваночных з’явіліся новыя атрады форамініфер, пярэдняжабравыя і лёгачныя гастраподы, сярод пазваночных — чатырохногія (катылазаўры) і млекакормячыя (сінапсіды), сярод вышэйшых раслін — разнастайныя голанасенныя (хвойныя, кардаітавыя і цыкадавыя).
У цэлым карбон характарызуецца росквітам такіх груп арганізмаў, як форамініферы (фузулініды), каралы [табулятаідэі, хетэтыды і ругозы (чатырохпрамянёвыя)], сярод малюскаў [гастраподы, наўтылаідэі са спіральнай ракавінай, аманіты (ганіятыты), замковыя брахіяподы (прадуктыды і спірыферыды)], імшанкі, ігласкурыя (марскія лілеі і старажытныя марскія вожыкі), земнаводныя, членістаногія; вышэйшыя расліны (дзераза і хвашчы). У марах вадзіліся разнастайныя храстковыя рыбы (акулы і брадыядонты). Адзначана надзвычай шмат земнаводных.
У карбоне далейшае распаўсюджанне атрымалі споравыя расліны: сігілярыі, лепідадэндраны (дзеразападобныя), каламіты (хвошчападобныя), кардаітавыя (голанасенныя), папарацепадобныя. Насенныя расліны, што з’явіліся, маглі насяляць больш сухія месцы, бо іх размнажэнне не было звязана з наяўнасцю вады.
На тэрыторыях прыморскіх раўнін з рэшткаў адмерлых раслін фарміраваліся паклады каменнага вугалю і торфу.
Адклады каменнавугальнага перыяду шырока развіты на ўсіх кантынентах зямнога шара і змяшчаюць шматлікія карысныя выкапні, перш-наперш каменныя вуглі і бурыя вуглі, нафту і газ, баксіты, медныя і жалезныя руды і інш.
У Беларусі з 2‑й паловы 1950‑х гг. у сувязі з пошукамі каменнага вугалю адклады карбону актыўна вывучаліся айчыннымі навукоўцамі (В. К. Галубцоў, Г. І. Кедо, Г. А. Белавусава і інш.). Былі адкрыты рознафацыяльныя адклады ўсіх ярусаў, акрамя верхняй часткі касімаўскага і гжэльскага. Іх фарміраванне адбывалася ў асноўным у марскіх умовах, якія змяняюцца часам кантынентальнымі (рачнымі, дэльтавымі, азёрнымі), што было звязана з тэктанічнымі рухамі ў час герцынскай складкаватасці.
На падставе вывучэння літалагічнага складу парод і арганічных рэшткаў, якія змяшчаюцца ў іх (у асноўным міяспор, а таксама форамініфер, астракод, часткова брахіяподаў і канадонтаў) распрацавана новая Стратыграфічная схема каменнавугальнай сістэмы Беларусі, зацверджаная Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (23.1.2017).
У ёй прынята дзяленне карбону на 3 аддзелы: ніжні, сярэдні і верхні. Нароўні з міжнароднымі (агульнымі) стратыграфічнымі падраздзяленнямі вылучаны рэгіянальныя — надгарызонты і на падставе біястратыграфічных зон і лон (па міяспорах і макра- і мікрафаўне) гарызонты. Ніжняму аддзелу адпавядаюць ярусы — турнейскі (уключае гарызонты малёўскі, упінскі, чарапецкі і кізелаўскі), візейскі (гостаўскі, бобрыкаўскі, тульскі, алексінскі, міхайлаўскі і вянёўскі) і серпухаўскі (сожскі і ястрабоўскі); сярэдняму — башкірскі (уключае хойніцкі, прыпяцкі і заазерны гарызонты) і маскоўскі (вярэйскі), кашырскі, падольскі і мячкоўскі гарызонты аб’яднаны ў дняпроўскі надгарызонт; верхняму — касімаўскі ярус (прадстаўлены ў стратыграфічнай схеме сваёй ніжняй часткай), адклады верхняй часткі касімаўскага і гжэльскага яруса на тэрыторыі Беларусі адсутнічаюць; гл. табліцу. Стратыграфічная схема каменнавугальных адкладаў таксама прадстаўлена мясцовымі стратыграфічнымі падраздзяленнямі — світамі геалагічнымі і падсвітамі.
На тэрыторыі Беларусі адклады карбону распаўсюджаны на паўднёвым усходзе [Прыпяцкі прагін, Брагінска-Лоеўская седлавіна (перамычка), Паўночна-Прыдняпроўская монакліналь] і паўднёвым захадзе (Валынская монакліналь), што палеанталагічна даказана ў 1949 г. на падставе вывучэння форамініфер украінскім даследчыкам Н. Я. Бражнікавай.
Найбольш поўныя разрэзы адкладаў каменнавугальнай сістэмы ўскрыты свідравінамі ў Прыпяцкім прагіне на глыбіні ад 100 да 1 000 м, дзе іх магутнасць ад некалькіх метраў (поўная прысутнасць на саляных купалах) да 1 000 м і больш у міжкупальных паглыбленых зонах. Яны ўтвораны ў асноўным пясчана-гліністымі і глініста-карбанатнымі адкладамі. Характарызуюцца развіццём у іх складзе стракатаколерных парод і рытмічнай будовай іх тоўшчы, наяўнасцю праслояў вугалёў, а таксама белых і стракатаколерных глін каалінітавых.
На самым паўднёвым захадзе Беларусі (Валынская монакліналь) адклады каменнавугальнай сістэмы прадстаўлены глініста-карбанатнымі пародамі магутнасцю да 90 м дрыгавіцкай світы візейскага яруса.
Да адкладаў карбону Беларусі (у асноўным у Прыпяцкім прагіне) прымеркаваны нязначныя па запасах паклады каменных і бурых вугалёў, даўсаніт-баксітавых руд, геахімічныя анамаліі рэдкіх элементаў.
З адкладамі карбону найбольш апушчаных частак Прыпяцкага прагіну прагназуюцца пошукі пакладаў нафты, якія на асобных структурах прагіну перспектыўныя для стварэння падземных сховішчаў газу.