ДЗЕРАЗАПАДОБНЫЯ, клас вышэйшых споравых раслін аддзела Дзеразападобныя
pdf

ДЗЕРАЗАПАДОБНЫЯ

Дата стварэння: 13.03.2025 11:26:39

Дата змены: 22.10.2025 09:46:44


Дзеразападо́бныя (Lycopodiopsida Bartl.), клас вышэйшых споравых раслін аддзела Дзеразападобныя.

Да гэтага класа адносяцца травяністыя раўнаспоравыя прадстаўнікі аддзела Дзеразападобныя, якія маюць дыхатамічнае галінаванне сцёблаў (як ізатомнае, так і анізатомнае), лісце без лігулы, з адным праводным пучком. Галінаванне парастка і каранёў забяспечваецца дзяленнем верхавіннай (апікальнай) мерыстэмы, бакавыя мерыстэмы адсутнічаюць. Анатамічна сцёблы і карані падобныя; праводная сістэма не мае цяжа парэнхімы (стрыжня) у цэнтры. Спарангіі ўсе аднолькавыя, развіваюцца ў пазусе або на верхнім баку спарафілаў. У некаторых прадстаўнікоў класа спарафілы жывуць доўга, падобныя да вегетатыўнага лісця і сустракаюцца разам з ім на парастках, якія з’яўляюцца індэтэрмінантнымі, гэта значыць бесперапынна растуць. У іншых прадстаўнікоў спарафілы адрозніваюцца па памерах і (або) форме ад вегетатыўнага лісця і аб’яднаны ў стробілы. Споры аднолькавыя, дробныя; пры прарастанні з іх фарміруецца двухполы гаметафіт, на якім развіваюцца антэрыдыі і архегоніі. Для многіх відаў характэрна мікагетэратрафія гаметафіту, што прыводзіць да іх працяглага развіцця. Сперматазоіды 2‑жгуцікавыя, для апладнення неабходна наяўнасць кропельнавадкай вады.

Клас звычайна падзяляюць на 2 парадкі, адзін з якіх вымерлы. Сучасныя прадстаўнікі класа аб’яднаны ў парадак Дзераза (Lycopodiales DC. ex Bercht. et J Presl.), які дзеліцца на 3 сямействы:

Некаторымі навукоўцамі гэтыя 3 сямействы разглядаюцца як падсямействы аднаго сямейства Дзеразовыя (Lycopodiaceae s.l.).

У Беларусі расце 8–9 дзікарослых відаў, якія належаць родам: баранец (Huperzia Bernh.), дыфазіястр (Diphasiastrum Holub), дзераза (Lycopodium L.), дзярэзка (Lycopodiella Holub), палушнік (Isoetes L.), селагінела (Selaginella P. Beauv.), спінулюм (Spinulum A. Haines).

Узніклі, відаць, у канцы сілурыйскай систэмы (перыяду) — пачатку дэвонскай систэмы (перыяду). Вымерлыя прадстаўнікі класа, якія адносяцца да парадку Дрэпанафікалес (Drepanophycales Novák), мелі спарангіі, размешчаныя паасобку, і прымітыўнае лісце — энацыі, у якім яшчэ адсутнічала праводная сістэма. Хутчэй за ўсё, яны былі прамымі продкамі сучаснай дзеразы. Паводле малекулярных даных, час узнікнення групы раўнаспоравай дзеразы складае (394–) 403,3 (–414) млн гадоў таму.


Літаратура
  1. Флора Беларуси. Сосудистые растения: в 6 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2009.