ДЗЕРАЗА, род вышэйшых споравых раслін сямейства Дзеразовыя
pdf

ДЗЕРАЗА

Дата стварэння: 31.10.2024 14:49:42

Дата змены: 12.03.2025 15:38:05


Дзераза́ (Lycopodium L.), род вышэйшых споравых раслін сямейства Дзеразовыя.

Вядома каля 15 відаў, распаўсюджаных пераважна ў Паўночным паўшар’і: у паўночных і ўмерана цёплых рэгіёнах, у гарах тропікаў.

У Беларусі адзін від — дзераза булавападобная (Lycopodium clavatum L.).

Расце ў хвойных, пераважна ў хваёвых і мяшаных лясах, па ўзлесках, у зеленамохавых барах.

Шматгадовыя вечназялёныя расліны з цыліндрычнымі анізатомна галінаванымі парасткамі (доўгімі паўзучымі па паверхні глебы і ўкараняльнымі плагіятропнымі парасткамі, ад якіх адыходзяць надземныя артатропныя галіны, што маюць абмежаваны рост). Лісце сядзячае, суцэльнае, лінейнае або вузкаланцэтнае, доўгазавостранае, на канцы з бясколерным валаском, размешчанае па 6–10 у радах. Спараносныя каласкі (стробілы) вельмі рэдка 1, часцей 2–5, на ножках, выразна адмежаваны ад аблісценай часткі галіны. Спарафілы яйцападобныя, з шырокай асновай, акаймаваныя, завостраныя, рэзка адрозніваюцца ад вегетатыўнага лісця. Споры ячэістыя, тэтраэдрычныя. Ва ўмовах Беларусі спараносіць у чэрвені жніўні. Споры прарастаюць у цемры пасля перыяду спакою. Гаметафіты падземныя, мікагетэратрофныя, развіваюцца да 15 гадоў, рэдзькападобныя з верхняй гаметангіяльнай зонай.

Лекавая, інсектыцыдная расліна. Споры і трава выкарыстоўваюцца як спазмалітычны, дыўрэтычны, жаўцягонны сродак пры захворваннях печані і інш. Споры, таксама як споры дыфазіястраў і спінулюма гадавога, выкарыстоўваюцца ў якасці дзіцячай прысыпкі, пры пролежнях, для абсыпання пілюль. Раней яны мелі вялікае значэнне ў металургіі, дзе іх выкарыстоўвалі для абсыпання формаў пры выплаўцы чыгуну, асабліва пры фасонным ліцці.


Літаратура
  1. Флора Беларуси. Сосудистые растения: в 6 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2009.

  2. Конспект флоры Восточной Европы: в 4 т. Т. 1 / В. В. Бялт [и др.]; под ред. Н. Н. Цвелева. – Москва: Товарищество научных изданий КМК, 2012.

  3. Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня — Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1983.

  4. Природа Беларуси: энциклопедия: в 3 т. Т. 3: Растения, грибы, животные / Редкол.: В. Ю. Александров [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2014.

  5. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1998.