ДЗЯРЭЗКА, род вышэйшых споравых раслін сямейства Дзярэзкавыя
pdf

ДЗЯРЭЗКА

Дата стварэння: 31.10.2024 14:49:57

Дата змены: 12.03.2025 15:37:54


Дзярэ́зка (Lycopodiella Holub), род вышэйшых споравых раслін сямейства Дзярэзкавыя.

Іншая назва: лікападыела.

Уключае 15 відаў, распаўсюджаных пераважна ў трапічнай і ўмеранай зонах Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, адзін від распаўсюджаны ва ўмеранай зоне Паўночнага паўшар’я.

У Беларусі адзін від — дзярэзка заліўная [Lycopodiella inundata (L.) Holub].

Іншая назва: лікападыела заліўная.

Расце на вільготных грунтавых агаленнях з парушаным травяным покрывам, часцей за ўсё на пясчаных з заглейваннем глебах або па краях тарфяных балот. Патэнцыйна ўразлівы від, уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (IV катэгорыя аховы).

Малалетнія вечназялёныя травяністыя расліны з анізатомна галінаванымі парасткамі (доўгімі паўзучымі па паверхні глебы і ўкараняльнымі, шчыльна прылеглымі да субстрату галінаванымі плагіятропнымі вегетатыўнымі парасткамі, ад якіх адыходзяць неразгалінаваныя прамастаячыя генератыўныя парасткі, звычайна з адным спараносным коласам на верхавіне). Вегетатыўнае лісце зялёнае, лінейна-ланцэтнае, густа размешчанае. Спарафілы з яйцападобна пашыранай асновай, зубчастыя, звужаныя ў ланцэтны кончык. Спараносныя каласкі (стробілы) сядзячыя, маладыя каласкі часта слаба адмежаваныя ад вегетатыўнай часткі парасткаў, больш выразна адмяжоўваюцца па меры выспявання спор. Спарангіі папярочна-авальныя, жоўтыя, размяшчаюцца ў аснове спарафілаў. Споры шматлікія, светла-жоўтыя, з няясна выяўленай сеткаватай паверхняй. Ва ўмовах Беларусі спараносіць у ліпені — верасні. Гаметафіт часткова надземны, зялёны, асімілявальны, кароткажывучы, даўжынёй 2,5–3,5 мм, да 5 мм у дыяметры, з цыліндрычнай або рэпападобнай падземнай часткай і плоскараспасцёртымі, зялёнымі асімілюючымі лопасцямі ў дыскападобнай надземнай гаметангіяльнай зоне. Маладыя, 6–8‑клетачныя гаметафіты могуць упадаць у стан спакою і дасягаць спеласці праз 10 гадоў. Пасля апладнення ўтвараецца падобная да споры, акружаная тоўстай абалонкай зігота, якая пасля перыяду спакою ці выжывання ў неспрыяльных умовах можа развівацца і даваць пачатак новаму спарафіту.

Лекавая расліна. Споры могуць быць выкарыстаны аналагічна спорам дзеразы, спінулюму, дыфазіястру.


Літаратура
  1. Красная книга Республики Беларусь. Растения / Редкол.: С. М. Масляк (председатель) [и др.]. – Минск: Издательство «Беларусь», 2025.

  2. Флора Беларуси. Сосудистые растения: в 6 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2009.

  3. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1998.

  4. Природа Беларуси: энциклопедия: в 3 т. Т. 3: Растения, грибы, животные / Редкол.: В. Ю. Александров [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2014.

  5. Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 3: Катэнарыя — Недайка / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1984.