МЕТАСЕКВОЯ, род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя
pdf

МЕТАСЕКВОЯ

Дата стварэння: 21.11.2024 13:54:53

Дата змены: 22.10.2025 09:46:34


Метасекво́я (Metasequoia Hu et W.C. Cheng), род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя.

Уключае адзін сучасны рэліктавы від — метасеквоя гліптастробусападобная, або кітайская (Metasequoia glyptostroboides Hu et W.C. Cheng), які распаўсюджаны ў гарах Цэнтральнага Кітая. Шырока культывуецца ў іншых рэгіёнах зямнога шара.

У Беларусі вырошчваецца рэдка, пераважна на поўдні рэспублікі. Мае некалькі сартоў, якія адрозніваюцца формай кроны, памерамі і афарбоўкай лісця.

Буйныя лістападныя (галінападныя) аднадомныя дрэвы вышынёй да 40 (45) м і дыяметрам ствала да 2,5 м. Працягласць жыцця да 300–450 (600) гадоў. Крона рыхлая, канічная, часта мнагаствольная. Парасткі падоўжаныя і пакарочаныя. Пакарочаныя парасткі да 8 см даўжынёй, плоскія. Лісце супраціўнае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, лінейнае, даўжынёй да 2,5 см, мяккае, жаўцее і ападае восенню разам з пакарочаным парасткам. Пыленне ў сакавіку красавіку да распускання лісця. Мужчынскія шышкі дробныя, прадаўгаватыя, да 3–6 мм у даўжыню, жаўтаватыя, сабраны ў мяцёлкападобныя або гронкападобныя зборы. Спелыя жаночыя шышкі адзінкавыя, акруглыя, да 25 мм у дыяметры, з 8–14 парамі супраціўных лускавінак, спачатку зялёныя, крыху мясістыя, з шызым налётам, пры выспяванні бурыя, на доўгіх паніклых ножках, спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенне плоскае, крылатае.

Святлалюбная, умерана зімаўстойлівая, да глебы малапатрабавальная, але аддае перавагу вільготнай і добра дрэніраванай. Даволі ўстойлівая да гарадскіх умоў, параўнальна лёгка размнажаецца чаранкаваннем.

Драўніна трывалая, устойлівая да гніення, прымяняецца ў будаўніцтве, лесаразвядзенні. Каштоўная хуткарослая дэкаратыўная расліна.


Літаратура
  1. Флора Беларуси. Сосудистые растения: в 6 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2009.

  2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 3: Катэнарыя―Недайка / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1984.

  3. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 10: Малайзія—Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2000.