КІПАРЫСАВІК, род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя
pdf

КІПАРЫСАВІК

Дата стварэння: 21.11.2024 13:55:22

Дата змены: 24.03.2025 12:16:21


Кіпары́савік (Chamaecyparis Spach), род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя.

Іншая назва: ілжэкіпарыс.

Налічвае 5–6 відаў, распаўсюджаных пераважна ва ўмераных і субтрапічных шыротах прыбярэжных рэгіёнаў Паўночнай Амерыкі (ЗША) і Усходняй Азіі (Японія, Кітай). Шырока культывуюцца ў розных рэгіёнах зямнога шара. Раней доўгі час да роду кіпарысавік адносілі таксама калітропсіс нутканскі [Callitropsis nootkatensis (D. Don) Oerst.].

У Беларусі дзікарослых прадстаўнікоў роду няма. Інтрадукаваны 4 віды: кіпарысавік Лаўсана [Chamaecyparis lawsoniana (A. Murray) Parl.], кіпарысавік тупалісцевы, або японскі [Chamaecyparis obtusa (Siebold et Zucc.) Endl.], кіпарысавік гарохаплодны [Chamaecyparis pisifera (Siebold et Zucc.) Endl.] і кіпарысавік туепадобны [Chamaecyparis thyoides (L.) Britton, Sterns et Poggenb.]. Найбольш распаўсюджаны ў культуры кіпарысавік Лаўсана і кіпарысавік гарохаплодны, якія маюць вялікую колькасць сартоў (больш за 700), што адрозніваюцца памерамі раслін, формай кроны, афарбоўкай лісця.

Вечназялёныя аднадомныя кусты або дрэвы вышынёй да 70 м і дыяметрам ствала да 3,5 м. Працягласць жыцця да 600 і больш гадоў. Каранёвая сістэма добра развітая. Крона конусападобная або пірамідальная, звычайна з паніклай верхавінай. Парасткі падоўжаныя, часцей пляскатыя. Лісце накрыж супраціўнае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, да 4 мм даўжынёй, дарослае лісце лускападобнае, ювенільнае — часта іголкападобнае. Пыленне ў красавіку — маі. Мужчынскія шышкі дробныя, прадаўгаватыя, даўжынёй 2–4 мм, чырванаватыя або жаўтаватыя. Спелыя жаночыя шышкі акруглыя, да 12 мм у дыяметры, з 4–5 (6) парамі шчытападобных супраціўных лускавінак. Шышкі спачатку зялёныя, пры выспяванні бурыя або фіялетавыя, спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенне пляскатае, з двума крыламі.

Ценевынослівы, вільгацелюбівы, патрабавальны да ўрадлівасці глебы, дрэнна пераносіць засуху, умерана зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да гарадскіх умоў, устойлівы да шкоднікаў і хвароб, добра пераносіць стрыжку, лёгка размнажаецца чаранкаваннем.

Драўніна лёгкая, жоўтая або светла-карычневая, духмяная, устойлівая да гніення, шырока прымяняецца ў будаўніцтве, лесаразвядзенні, парфумерыі, аздабленні будынкаў, суднабудаванні, для вырабу мэблі і розных прадметаў быту. Каштоўная дэкаратыўная расліна. Выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне.


Літаратура
  1. Флора Беларуси. Сосудистые растения: в 6 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2009.

  2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 3: Катэнарыя―Недайка / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1984.

  3. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 8: Канто—Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1999.