Дата стварэння: 21.11.2024 13:55:35
Дата змены: 22.10.2025 09:46:43
Аддзел Голанасенныя Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm.ex Reveal |
Клас Хвойныя Pinopsida Burnett |
Сямейства Кіпарысавыя Cupressaceae Gray |
Род Калітропсіс Callitropsis Oerst. |
Калітро́псіс (Callitropsis Oerst.), род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя.
Уключае адзін від — калітропсіс нутканскі [Callitropsis nootkatensis (D. Don) Oerst.], які ў залежнасці ад поглядаў на яго сістэматычнае становішча часам разглядаюць як жоўтакіпарыс нутканскі [Xanthocyparis nootkatensis (D. Don) Farjon] у складзе роду жоўтакіпарыс (Xanthocyparis Farjon et T. H. Nguyên) або як кіпарыс нутканскі (Cupressus nootkatensis D. Don) у складзе роду кіпарыс (Cupressus L.). Раней доўгі час адносілі таксама да роду кіпарысавік (Chamaecyparis Spach) як кіпарысавік нутканскі [Chamaecyparis nootkatensis (D. Don) Spach]. Распаўсюджаны ў халодных і ўмераных шыротах на заходнім Ціхаакіянскім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі (Канада, ЗША). Шырока культывуецца ў розных рэгіёнах зямнога шара.
У Беларусі інтрадукаваны, зрэдку культывуецца пераважна на поўдні рэспублікі. Мае мноства сартоў, якія адрозніваюцца памерамі раслін, формай кроны, афарбоўкай лісця.
Вечназялёнае аднадомнае дрэва вышынёй да 40 (60) м і дыяметрам ствала да 2 (4) м. Працягласць жыцця складае да 1500 і больш гадоў. Каранёвая сістэма добра развітая. Крона конусападобная або пірамідальная, звычайна з паніклай верхавінай і бакавымі парасткамі. Парасткі падоўжаныя, пляскатыя. Лісце накрыж супраціўнае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, даўжынёй да 2,5 мм; дарослае лісце лускападобнае, ювенільнае — часта іголкападобнае. Пыленне ў красавіку — маі. Мужчынскія шышкі дробныя, прадаўгаватыя, даўжынёй 2–5 мм, жаўтаватыя. Спелыя жаночыя шышкі акруглыя, дыяметрам 8–12 мм, з 2–3 (4) парамі шчытападобных супраціўных лускавінак, спачатку зялёных з шызым налётам, пры выспяванні бурых, з невялікай нарасцю ў цэнтральнай частцы; спеюць звычайна на 2‑і год пасля апылення. Пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенне пляскатае, з двума крыламі.
Ценевынослівы, вільгацелюбівы, непатрабавальны да ўрадлівасці глебы, дрэнна пераносіць засуху, даволі зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да гарадскіх умоў, устойлівы да шкоднікаў і хвароб, добра пераносіць стрыжку, даволі лёгка размнажаецца вегетатыўна.
Драўніна трывалая, устойлівая да гніення, шырока выкарыстоўваецца ў суднабудаванні, для вытворчасці мэблі, посуду, сталярных вырабаў, розных прадметаў быту. Каштоўная дэкаратыўная расліна. Лекавая расліна ў народнай медыцыне.
У культуры гібрыдызуе з відамі роду гесперацыпарыс (Hesperocyparis Bartel et R. A. Price). Найбольш шырока распаўсюджаны гібрыд з гесперацыпарысам буйнаплодным [Hesperocyparis macrocarpa (Hartw.) Bartel], які мае назву гесператропсіс Лейланда [×Hesperotropsis leylandii (A. B. Jacks. et Dallim.) Garland et Gerry Moore].