ЕЛКА, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя
pdf

ЕЛКА

Дата стварэння: 21.11.2024 13:56:08

Дата змены: 15.10.2025 10:03:58


Аддзел

Голанасенныя

Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm. ex Reveal

Клас

Хвойныя

Pinopsida Burnett

Сямейства

Хваёвыя

Pinaceae Spreng. ex F. Rudolphi

Род

Елка

Picea A. Dietr.

ЕЛКА, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя

Елка звычайная (фота: А. М. Мялік).

ЕЛКА, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя

Мужчынскія і жаночыя шышкі елкі звычайнай (фота: М. А. Джус).

Е́лка (Picea A. Dietr.), род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя.

Налічвае 35–45 відаў, распаўсюджаных пераважна ў халодных і ўмераных шыротах Паўночнага паўшар’я. Найважнейшая лесаўтваральная парода на свежых гліністых, сугліністых і багатых супясчаных глебах.

У Беларусі адзін дзікарослы від — елка звычайная, або еўрапейская [Picea abies (L.) H. Karst.]. На Палессі, на поўнач ад ракі Прыпяць, праходзіць паўднёвая мяжа суцэльнага распаўсюджвання віду. На поўнач утварае яловыя лясы, якія займаюць у Беларусі каля 9,5 % лесапакрытай плошчы. Інтрадукавана каля 20 відаў. Найбольш часта, акрамя дзікарослага віду, культывуюць елку калючую (Picea pungens Engelm.) і елку шызую, або канадскую [Picea glauca (Moench) Voss], асабліва сарты з блакітнай афарбоўкай ігліцы і рознай формай кроны.

Вечназялёныя аднадомныя хвойныя дрэвы вышынёй да 60 (90) м і дыяметрам ствала да 1–2 м. Жывуць прыблізна 250–300 гадоў. У аптымальных умовах да 500–850 гадоў. У Беларусі ўзрост старых дрэў елкі звычайнай каля 220 гадоў. Каранёвая сістэма паверхневая, таму дрэвы схільныя да ветравалу. Ствол прамы, поўнадраўняны. Драўніна белая, лёгкая, трывалая. Крона густая, конусападобная. Парасткі падоўжаныя, баразнаватыя. Лісце адзінкавае, іголкападобнае, жорсткае, калючае, звычайна 4‑граннае, радзей пляскатае, размешчанае на кароткіх ліставых падушачках, не ападае да 10 гадоў. Пыленне ў маі чэрвені. Мужчынскія шышкі 1–2,5 см даўжынёй, шарападобныя або прадаўгаватыя, чырванаватыя. Жаночыя шышкі даўжынёй да 20 см, верацёнападобныя або яйцападобныя, спачатку стаяць прама, пры выспяванні павісаюць, бурыя, спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенне з крылом.

Патрабавальная да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, ценевынослівая, марозаўстойлівая.

Драўніна выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, цэлюлозна-папяровай прамысловасці, для вырабу музычных інструментаў, розных прадметаў быту, на дровы. Дае смалу, дзёгаць, шкіпінар, каніфоль, дубільныя рэчывы. Ігліца выкарыстоўваецца для прамысловага атрымання вітаміну С, кара́ — крыніца дубільных рэчываў. Каштоўная дэкаратыўная расліна, выкарыстоўваецца ў ахоўным лесаразвядзенні.