ХВОЯ, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя
pdf

ХВОЯ

Дата стварэння: 13.03.2025 11:00:11

Дата змены: 11.07.2025 11:44:28


Аддзел

Голанасенныя

Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm. ex Reveal

Клас

Хвойныя

Pinopsida Burnett

Сямейства

Хваёвыя

Pinaceae Spreng. ex F. Rudolphi

Род

Хвоя

Pinus L.

ХВОЯ, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя

Жаночая шышка хвоі звычайнай падчас апылення (фота: М. А. Джус).

ХВОЯ, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя

Спелыя мужчынскія шышкі хвоі звычайнай (фота: М. А. Джус).

ХВОЯ, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя

Парастак хвоі кедравай сібірскай з жаночымі шышкамі рознага ўзросту (фота: М. А. Джус).

Хво́я, сасна́ (Pinus L.), род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя.

Найбуйнейшы род класа Хвойныя, налічвае 115–125 відаў. Шырока распаўсюджаны у халодных, умераных, субтрапічных і трапічных, часта горных абласцях пераважна Паўночнага паўшар’я — у Еўразіі, Паўночнай Амерыцы, Паўночнай Афрыцы, дзе многія віды з’яўляюцца найважнейшымі лесаўтваральнымі пародамі.

У Беларусі адзін дзікарослы від — хвоя звычайная (Pinus sylvestris L.), найбольш распаўсюджана ў рэспубліцы як лесаўтваральная парода. Паўсюль ўтварае чыстыя (бары) або мяшаныя (су́бары) дрэвастоі, якія займаюць 48 % плошчы, пакрытай лесам. Інтрадукавана каля 35 відаў і гібрыдаў. У лясных насаджэннях і населеных пунктах часцей вырошчваюцца хвоя Банкса (Pinus banksiana Lamb.), хвоя горная (Pinus mugo Turra), хвоя чорная (Pinus nigra J. F. Arnold), хвоя кедравая сібірская (Pinus sibirica Du Tour), хвоя Веймутава, або белая (Pinus strobus L.), хвоя кедравая карэйская (Pinus koraiensis Siebold et Zucc.).

Хвойныя вечназялёныя аднадомныя дрэвы, рэдка кустарнікі, вышыня 1–50 (80) м і дыяметр ствала да 1,8 (3,3) м. Жывуць да 150–500 гадоў, некаторыя віды — да 1000 гадоў і болей. Хвоя асцюкаватая (Pinus longaeva D. K. Bailey) — дрэва-доўгажыхар, жыве да 5000 гадоў. У Беларусі найбольш старажытныя дрэвы хвоі звычайнай маюць узрост каля 380 гадоў. Каранёвая сістэма моцна разгалінаваная, глыбокая ці паверхневая ў залежнасці ад умоў вырастання. Ствол прамы, поўнадраўняны. Драўніна смалістая, трывалая, сярэднеўстойлівая да гніення. Крона спярша конусападобная, потым часта становіцца пляскатай ў верхняй частцы. Парасткі падоўжаныя і пакарочаныя. На падоўжаных парастках лісце лускападобнае, бурае, адзінкавае, спіральнае. На пакарочаных парастках лісце (ігліца) жорсткае або мяккае, іголкападобнае, звычайна 2–3‑граннае, зялёнае, часта з шызым налётам, размяшчаецца ў пуках па (1) 2–5 (8) штук; даўжыня ад 3 да 45 см. Лісце на пакарочаных парастках захоўваецца ад 2 да 12 гадоў, у некаторых відаў да 40 гадоў. Семядольныя і ювенільныя лісты звычайна маюць іншую будову. Пыленне ў сакавіку — чэрвені. Мужчынскія шышкі дробныя (даўжыня 5–15 мм), авальныя або шарападобныя, жаўтаватыя, чырванаватыя або сіняватыя, сабраны ў шчыльныя скопішчы каля асновы прыросту новых маладзенькіх парасткаў. Пылок з двума паветранымі мяшочкамі. Жаночыя шышкі круглявыя або даўгаватыя — ад 3 да 50–65 см у даўжыню (вага да 3,6 кг), маладыя жаночыя шышкі — чырванаватыя, бураватыя або зеленаватыя, адзінкавыя або па 2–5 штук; спелыя шышкі — бурыя, павіслыя або прамыя, спеюць восенню ў год апылення або праз 2–3 гады. Насенныя лускавінкі цалкам зрастаюцца з покрыўнымі. Пасля выспявання ападаюць цалкам (зрэдку рассыпаюцца) ці застаюцца на дрэве некалькі гадоў. У некаторых відаў шышкі доўга застаюцца закрытымі. Насенне дробнае, крылатае або буйное з рэдукаваным крылцам. Размнажаецца хвоя ў асноўным насеннем. У культуры некаторыя віды гібрыдызуюць.

Многія віды малапатрабавальныя да ўрадлівасці і вільготнасці глебы (аддаюць перавагу добра дрэніраванай, нейтральнай або слабакіслай глебе). Святлалюбныя, мароза- і засухаўстойлівыя, адчувальныя да забруджвання, большасць відаў дрэнна пераносяць гарадскія ўмовы.

Драўніна выкарыстоўваецца як будаўнічы матэрыял і для вырабу розных прадметаў быту, у караблебудаванні, хімічнай і папяровай прамысловасці, а таксама ў якасці паліва. Дубільныя, лекавыя, вітамінаносныя, кармавыя, глебазамацавальныя, ядомыя расліны. Пры падсочцы расліны аддаюць каштоўную жывіцу (тэрпенцін), з якой атрымліваюць шкіпінар і каніфоль. Шырока прымяняюцца ў дэкаратыўным азеляненні і ахоўным лесаразвядзенні.