Дата стварэння: 14.10.2024 10:26:30
Дата змены: 17.07.2025 11:25:06
Во́сень
У астраноміі — прамежак часу, які працягваецца ў Паўночным паўшар’і ад асенняга раўнадзенства (23 верасня) да зімовага сонцастаяння (22 снежня), у Паўднёвым паўшар’і — з вясенняга раўнадзенства (22–23 сакавіка) да летняга сонцастаяння (21–22 чэрвеня).
У кліматалогіі і феналогіі — пераходны сезон года паміж летам і зімой (уключае верасень, кастрычнік, лістапад), які характарызуецца ўсё большым зніжэннем тэмпературы паветра, змяненнямі ў рэжыме атмасферных ападкаў, пэўнымі з’явамі ў жывой прыродзе (спыненне вегетацыі, адлёт птушак і інш.).
У сінаптычнай метэаралогіі — сезон, які характарызуецца пераходам ад летніх цыркуляцыйных працэсаў да зімовых.
Асеннімі месяцамі ў Паўночным паўшар’і называюць верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўднёвым — сакавік, красавік, май.
У Беларусі феналагічная восень пачынаецца з даты ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз 10 °С у бок паніжэння.
Восень на поўначы і ўсходзе Беларусі надыходзіць у канцы 2‑й — пачатку 3‑й дэкады верасня, на поўдні і паўднёвым захадзе — у канцы 3‑й дэкады верасня — пачатку 1‑й дэкады кастрычніка.
Пасля наступлення восені ў начныя і ранішнія гадзіны адбываюцца першыя замаразкі на паверхні глебы. Паступова памяншаецца працягласць дня, павялічваецца воблачнасць, хутка памяншаюцца прыход сонечнай радыяцыі і цеплыня, якую паглынае зямля. Больш глыбокія цыклоны ўплываюць на надвор’е ў Беларусі. Пераважае пахмурнае, сырое, ветранае, з абложнымі дажджамі, а ў лістападзе і са снегам надвор’е.
Штомесячна на 4–6 °С паніжаецца тэмпература паветра. Цёплай і сухой была восень у 1967 г., калі сярэдняя тэмпература паветра за сезон склала 9 °С, халоднай — у 1993 г. з сярэдняй тэмпературай паветра 3,2 °С, што на 3 °С ніжэй за норму. Самая дажджлівая восень назіралася ў 1952 г. (выпала 307 мм ападкаў), самая сухая — у 1951 г. (71 мм).
Для восені характэрны вяртанні цяпла і сонечнага надвор’я, так званае бабіна лета. Тэмпература днём можа павышацца да 20–25 °С. Затым павялічваецца воблачнасць, часцей выпадаюць дажджы, якія змяняюцца снегам і халоднымі вятрамі.
Восень як феналагічны сезон дзеліцца на падсезоны:
пачатак восені (залатая восень) — пачынаецца тады, калі жоўкне лісце на дрэвах, і цягнецца да 3‑й дэкады кастрычніка;
глыбокая восень — заканчаецца ў сярэдзіне лістапада, калі сярэднясутачная тэмпература паветра пераходзіць праз 0 °С і ападаюць апошнія лісты на дрэвах;
пярэдадзень зімы — характарызуецца частым пераходам сутачнай і мінімальнай тэмператур паветра праз 0 °С да паніжэння, з’яўленнем лёду на вадаёмах.