Дата стварэння: 13.03.2025 11:19:50
Дата змены: 22.10.2025 10:38:28
Акрако́рдыя (Acrocordia A. Massal.), род накіпных лішайнікаў сямейства Монабластыевыя.
Віды насяляюць пераважна кару дрэў, радзей камяністыя субстраты (валуны). Распаўсюджаны пераважна ў Паўночным паўшар’і, трапляюцца ў хвойных і мяшаных лясах, ва ўсіх раслінна-кліматычных зонах. У свеце вядома каля 18 відаў.
У Беларусі 2 віды — акракордыя пупышкавая, або крывяная [Acrocordia gemmata (Ach.) А. Massal.], раней вядомая пад назвай акракордыя белая [Acrocordia alba (Schrad) B. de Lesd.], і акракордыя кавернозная, або выдзеўбаная [Acrocordia cavata (Ach.) R. C. Harris]. Акракордыя пупышкавая сустракаецца паўсюдна. Расце на кары асіны або таполі, радзей дуба і клёна ў ліставых, мяшаных і хвойных лясах, таксама ў старых сядзібных парках. Індыкатар біялагічна каштоўных лясных экасістэм у Беларусі.
Талом тонкі, гладкі, белы або шаравата-белы. Перытэцыі шматлікія, большай часткай скучаныя, часта зліваюцца па 2–3 штукі, паглыбленыя ў талом толькі асновай, напаўшарападобныя або няправільнай формы, выпуклыя, чорныя, матавыя, даволі буйныя, 0,5–1 мм у дыяметры, з маленькай, не заўсёды прыкметнай вывадной адтулінкай, размешчанай на верхавінцы перытэцыю або збоку. Інвалюкрэлюм (пакрывальца) палавінчаты, каля 60–70 мкм таўшчынёй, бура-чорны. Гіпатэцый ад светла-бурага да бясколернага. Парафізы шматлікія, значна даўжэйшыя за сумкі, разгалінаваныя. Сумкі цыліндрычныя, 120–200 × 12–15 мкм. Споры размешчаны ў адзін рад, шырокаавальныя, з закругленымі канцамі, таўстасценныя, 15–28 × 8–12 мкм.
Флора Беларуси. Лишайники: в 4 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2019.
Яцына А. П. Практикум по накипным лишайникам Беларуси: пособие / А. П. Яцына, Л. М. Мержвинский. – Витебск: ВГУ имени П. М. Машерова, 2019.
Яцына А. П. Коллекция лишайников и близкородственных грибов Института экспериментальной ботаники НАН Беларуси (MSK-L). – Минск: Беларуская навука, 2022.