ІЛЖЭТСУГА, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя
pdf

ІЛЖЭТСУГА

Дата стварэння: 13.03.2025 11:45:01

Дата змены: 22.10.2025 09:46:44


Аддзел

Голанасенныя

Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm. ex Reveal

Клас

Хвойныя

Pinopsida Burnett

Сямейства

Хваёвыя

Pinaceae Spreng. ex F. Rudolphi

Род

Ілжэтсуга

Pseudotsuga (Endl.) Carrière

ІЛЖЭТСУГА, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя

Парастак з жаночымі шышкамі ілжэтсугі Мензіса (фота: М. А. Джус).

ІЛЖЭТСУГА, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя

Спелыя жаночыя шышкі ілжэтсугі Мензіса (фота: А. М. Мялік).

ІЛЖЭТСУГА, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя

Вегетатыўны парастак ілжэтсугі Мензіса (фота: М. А. Джус).

ІЛЖЭТСУГА, род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя

Ствол ілжэтсугі Мензіса (фота: М. А. Джус).

Ілжэтсу́га [Pseudotsuga (Endl.) Carrière], род голанасенных хвойных раслін сямейства Хваёвыя.

Іншая назва: дугласія.

Налічвае 4–6 паліморфных відаў, распаўсюджаных пераважна ва ўмераных і субтрапічных рэгіёнах на захадзе Паўночнай Амерыкі і Усходняй Азіі. Шырока культывуюцца ў розных рэгіёнах зямнога шара.

У Беларусі дзікарослых прадстаўнікоў няма. Інтрадукаваны адзін від: ілжэтсуга Мензіса [Pseudotsuga menziesii (Mirb.) Franco], мае шмат сартоў, якія адрозніваюцца памерамі і формай кроны, афарбоўкай ігліцы, формай жаночых шышак.

Буйныя вечназялёныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 90 (100) м і таўшчынёй ствала да 4,4 м. Працягласць жыцця да 800 (1300) гадоў. Каранёвая сістэма стрыжнёвая. Крона шырокаканічная або пірамідальная. Парасткі падоўжаныя. Лісце да 40 мм даўжынёй, чаргаванае, простае, суцэльнае, на верхавінцы часам выемчатае, суцэльнакраёвае, пляскатае, лінейнае, на кароткіх чаранках. Пыленне ў красавіку — маі. Мужчынскія шышкі дробныя, даўжынёй да 20 мм, шарападобныя, бурыя або жаўтаватыя. Спелыя жаночыя шышкі даўжынёй да 17 см, даўгавата-яйцападобныя, паніклыя, спярша зеленаватыя або чырванаватыя, пры выспяванні бурыя, спеюць восенню ў год апылення. Пры выспяванні ападаюць цалкам. Покрыўныя лускавінкі трохлопасцевыя, добра прыкметныя, перавышаюць па даўжыні насенныя лускавінкі. Насенне з адным буйным крылом.

Святлалюбная, зімаўстойлівая, даволі патрабавальная да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, досыць устойлівая да гарадскіх умоў, хвароб і грыбных захворванняў, хуткарослая, добра пераносіць стрыжку, размнажаецца пераважна насеннем.

Драўніна трывалая, прымяняецца ў будаўніцтве, для атрымання цэлюлозы, вырабу мэблі і розных прадметаў быту. Выкарыстоўваецца для здабычы смалы і эфірных алеяў. Каштоўная дэкаратыўная расліна. Ілжэтсуга Мензіса шырока выкарыстоўваецца ў лесаразвядзенні.