БАБРОВІЦКАЕ, возера ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці
pdf

БАБРОВІЦКАЕ

Дата стварэння: 31.10.2024 14:13:44

Дата змены: 22.08.2025 12:21:24


БАБРОВІЦКАЕ, возера ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці

Возера Бабровіцкае.

Бабро́віцкае

Возера ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Размешчана ў басейне ракі Грыўда, за 30 км на паўднёвы ўсход ад горада Івацэвічы, каля вёскі Бабровічы.

Плошча 9,47 км², даўжыня 4,9 км, максімальная шырыня 3,3 км, максімальная глыбіня 8 м. Аб’ём вады 25 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 14,4 км. Плошча вадазбору 69,7 км².

Катлавіна лопасцепадобнай формы, схілы вышынёй да 2 м, затарфаваныя і забалочаныя.

Берагі нізкія, тарфяністыя, параслі хмызняком. На паўднёвым захадзе, захадзе і паўночным захадзе пясчаны берагавы вал вышынёй да 4 м. Дно ўздоўж берагоў пясчана-глеістае, глыбей дно выслана сапрапелем. Возера моцна зарастае.

Водзяцца шчупак, лешч, гусцяра, карась залаты і сярэбраны, плотка, карп, амур белы, таўсталобік стракаты, краснапёрка, лінь, акунь рачны, джгір. Месца гнездавання і адпачынку падчас асенне-вясенніх пралётаў вадаплаўных птушак.

Размешчана ў межах ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае».