КАЧАДЫЖНІК, род папарацевых сямейства Качадыжнікавыя
pdf

КАЧАДЫЖНІК

Дата стварэння: 09.10.2024 10:00:08

Дата змены: 12.03.2025 15:35:49


Качады́жнік (Athyrium Roth), род папарацевых сямейства Качадыжнікавыя.

Вядома каля 200 відаў, распаўсюджаных па зямным шары, але ў асноўным у Паўночным паўшар’і. Найбольш шырока прадстаўлены ва Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі і Гімалаях (больш за 130 відаў).

У Беларусі адзін шырока распаўсюджаны від — качадыжнік жаночы [Athyrium filix-femina (L.) Roth].

Расце ў сырых і забалочаных яловых, мяшаных і шыракалістых лясах, уздоўж лясных ручаёў і канаў, па краях лясных балот, лясных ярах.

Сярэдніх памераў папараці з укарочанымі або ўзыходзячымі карэнішчамі (рэдка доўгакарэнішчныя), без сталонаў. Лісце (ваі) манаморфнае, звычайна адмірае на зіму. Рахіс баразнаваты, часта з уздутай ніжняй часткай, якая некаторы час застаецца на сцябле пасля высыхання ваі. Пласцінка ад ланцэтнай да эліптычнай або прадаўгаватай, часцей 2–3‑перыстая, рэдка прастаперыстая, травяністая. Канечныя сегменты ваі не сучленены з рахісам, краі сегментаў пілаватыя або зубчастыя. Жылкі свабодныя, простыя ці вілаватыя. Спарангіі сабраны ў сорусы, якія размешчаны паасобку ўздоўж праводнай жылкі сегмента ліста. Сорусы часцей прадаўгаватыя або выгінастыя, могуць быць загнуты ў выглядзе падковы або кручка, паўтараючы па сваёй форме кірунак жывільнай жылкі; радзей сорусы акруглай формы (у драбналістых відаў). Індузіі паўтараюць форму і памеры сорусу, прымацаваныя латэральна або з вузкім сінусам, рэдка індузіі адсутнічаюць. Споры карычняватыя, шурпатыя. Спараносіць у ліпені — верасні.

Лекавая расліна. Качадыжнік жаночы выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне як глістагонны сродак, аналагічна шчытоўніку мужчынскаму [Dryópteris filix-mas (L.) Schott], але мае менш выражаныя лекавыя ўласцівасці. Ваі з’яўляюцца кормам для многіх жывёл, але атрутныя для коней, буйной рагатай жывёлы і свіней; у стане ўліткі ядомыя для чалавека. Дэкаратыўная расліна. Многія віды, напрыклад качадыжнік жаночы, качадыжнік ніпонскі [Athyrium niponicum (Mett.) Hance], для якіх вядома па некалькі сотняў сартоў, і гібрыды ўведзены ў культуру як дэкаратыўныя расліны.



Літаратура
  1. Флора Беларуси. Сосудистые растения: в 6 т. Т. 1 / под общ. ред. В. И. Парфенова. – Минск: Беларуская навука, 2009.

  2. Конспект флоры Восточной Европы: в 4 т. Т. 1 / В. В. Бялт [и др.]; под ред. Н. Н. Цвелева. – Москва: Товарищество научных изданий КМК, 2012.

  3. Природа Беларуси: энциклопедия: в 3 т. Т. 3: Растения, грибы, животные / Редкол.: В. Ю. Александров [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2014.

  4. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1999.

  5. Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 (7) т. Т. 4: Картография — Миноговые / Редкол.: Г. П. Пашков (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2007.