Дата стварэння: 13.03.2025 11:26:24
Дата змены: 22.10.2025 09:46:44
Аддзел Голанасенныя Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm.ex Reveal |
Клас Гінкгападобныя Ginkgoopsida Engl. |
Сямейства Гінкгавыя Ginkgoaceae Engl. |
Род Гінкга Ginkgo L. |
Гі́нкга (Ginkgo L.), род гінкгападобных раслін сямейства Гінкгавыя.
Уключае адзін сучасны рэліктавы від — гінкга двухлопасцевае, або гінкга білоба (Ginkgo biloba L.), распаўсюджаны ў гарах Паўднёва-Заходняга Кітая. Шырока культывуецца ў іншых рэгіёнах зямнога шара.
У Беларусі з канца XIX ст. зрэдку вырошчваецца, пераважна на поўдні рэспублікі. Мае мноства сартоў, якія адрозніваюцца памерам, формай кроны, ступенню раздзялення, формай і афарбоўкай лісця.
Буйныя лістападныя двухдомныя дрэвы вышынёй да 30–40 і больш метраў і дыяметрам ствала да 3,6 (4,7) м. Працягласць жыцця да 800, а па некаторых звестках — 2500 і больш гадоў. Крона рыхлая, пірамідальная, часта асіметрычная. Парасткі падоўжаныя і пакарочаныя. Лісце з веерападобнай пласцінкай да 10 см даўжынёй і 8 см шырынёй на чаранку (да 10 см даўжынёй), чаргаванае, простае, суцэльнае, 2‑лопасцевае або двухраздзельнае, зялёнае, голае, з дыхатамічным жылкаваннем, злёгку скурыстае, жаўцее і ападае восенню (ва ўмовах Беларусі звычайна ў верасні). Пыленне ў красавіку — маі. Мікраспарафілы з двума павіслымі мікраспарангіямі, сабраны суквеццепадобна (як бярозавыя каташкі) да 3–4 см даўжынёй, размешчаны на пакарочаных парастках. Пылковае зерне без паветраных мяшочкаў. Мужчынскія гаметы — мнагажгуцікавыя сперматазоіды. Жаночыя стробілы таксама развіваюцца на пакарочаных парастках. Стробілы моцна рэдукаваныя, складаюцца з восі даўжынёй да 3,5 см, звычайна з дзвюма семязавязямі на верхавінцы. Спелае насенне прадаўгаватае (па форме і памерах крыху нагадвае плады алычы), да 2 см даўжынёй і 1,5 см шырынёй, бяскрылае, са светла-жоўтай сакаўной мякаццю, якая мае непрыемны пах. Спее ўвосень ў год апылення. Пасля выспявання ападае цалкам.
Святлалюбны від, умерана зімаўстойлівы, да глебы малапатрабавальны, але аддае перавагу свежай, урадлівай і добра дрэніраванай. Устойлівы да гарадскіх умоў, хвароб і шкоднікаў, размнажаецца насеннем і вегетатыўна.
Драўніна трывалая, лёгкая і мяккая, выкарыстоўваецца для вырабу прадметаў быту і ў мэблевай вытворчасці. Каштоўная лекавая расліна (лісце і насенне). Насенне ядомае. Высокадэкаратыўная расліна.