pdf
ЛАГОЙСКІ БОЙ 1942 г.

Помнік Надзеі Харчанка ў горадзе Лагойск.

ЛАГОЙСКІ БОЙ 1942 г.

Дата стварэння: 12.05.2023 10:57:32

Дата змены: 11.09.2024 14:52:01


Лаго́йскі бой 1942 г.

Бой злучэння партызанскіх атрадаў «Штурм» (Б. М. Лунін), «За Айчыну» (У. Д. Захараў), «Грозны» (М. М. Гаранаў; 29.12.1942 усе 3 атрады аб’яднаны ў партызанскую брыгаду «Штурмавая») пад агульным камандаваннем Б. М. Луніна супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у г. п. Лагойск 22–⁠23 снежня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Напярэдадні аперацыі па разгроме гарнізона ў Лагойску (каля 240 немцаў і паліцэйскіх) падпольшчыкі пасёлка перадалі партызанам дакладныя даныя аб сілах праціўніка, размяшчэнні яго агнявых пунктаў, пастоў аховы, склалі схему ўмацаванняў ворага.

Партызаны (каля 300 чалавек) у адпаведнасці з планам, які распрацавала камандаванне атрадаў брыгады, у 10 гадзін вечара 22 снежня 1942 г. дзвюма калонамі пачалі наступленне на гарнізон. Упартае супраціўленне аказалі гітлераўцы, якія заселі ў будынку камендатуры. Бой працягваўся больш за 3 гадзіны. У вырашальны момант бою партызанка Н. Я. Харчанка замяніла забітага кулямётчыка, што садзейнічала поспеху аперацыі. Партызаны разбілі і спалілі памяшканні паліцэйскай і раённай управы, жандармерыі і камендатуры, спалілі склады з зернем і сенам, знішчылі 3 аўтамашыны, 20 коней, 5 т цукру, 280 тыс. штук цыгарак, 200 пар нямецкага абутку, захапілі 10 падвод з коньмі, адзін рэвальвер «наган», 10 т солі, 1000 м мануфактуры, 3 друкавальныя машынкі, 4 кг срэбра, грошы (10 тыс. марак), шмат цыгарак і тытуню, знішчылі і паранілі чатырох афіцэраў, чатырох салдат, аднаго жандарма, 27 паліцэйскіх (астатнія разбегліся). У баі загінулі 3 партызаны. У 1974 г. у Лагойску Н. Я. Харчанка пастаўлены помнік, у яе гонар названа вуліца.