ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 1-я ДРЫСЕНСКАЯ, Віцебскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 1‑я ДРЫСЕНСКАЯ

Дата стварэння: 12.05.2023 11:20:35

Дата змены: 21.08.2025 10:57:53


ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА    1-я ДРЫСЕНСКАЯ, Віцебскай вобласці

Стэла ў гонар 1-й Дрысенскай і 2-й Дрысенскай партызанскіх брыгад і савецкіх воінаў-вызваліцеляў у вёсцы Дзёрнавічы Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці.

Партыза́нская брыга́да 1‑я Дры́сенская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Дрысенскага, Расонскага і Асвейскага раёнаў Віцебскай вобласці.

Створана ў жніўні 1942 г. як Дрысенская партызанская брыгада на базе арганізатарскай групы Р. П. Герасімава і П. Р. Мандрыкіна і атрада імя Сяргея, а таксама сфарміраванай з іх дапамогай асобнай групы атрадаў Дрысенскага раёна [групу складалі арганізаваныя ў ліпені 1942 атрады імя М. І. Калініна, імя М. В. Фрунзэ (са жніўня 1942 атрад імя А. В. Суворава), імя С. М. Кірава, імя Аляксандра Неўскага і атрад «Бясстрашны», сфарміраваны ў савецкім тыле]. Група ўваходзіла ў брыгаду «За Савецкую Беларусь» (гл. Партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага Віцебскай і Вілейскай абласцей), у складзе якой застаўся атрад імя Сяргея. У верасні 1942 г. у Дрысенскай брыгадзе быў арганізаваны атрад «КІМ», у ліпені 1943 г. — атрады імя М. І. Кутузава і імя У. І. Леніна. У кастрычніку 1943 г. атрад «Бясстрашны» накіраваны ў Баранавіцкую вобласць (гл. Партызанская брыгада 1‑я Баранавіцкая), атрады імя М. І. Калініна і імя М. І. Кутузава вылучаны для фарміравання партызанскай брыгады 2‑й Дрысенскай. Брыгада перайменавана ў 1‑ю Дрысенскую.

У выніку баёў з карнікамі асноўныя сілы брыгады (729 партызан) у снежні 1943 г. выйшлі ў савецкі тыл, дзе атрад «КІМ» быў расфарміраваны. У студзені 1944 г. частка сіл брыгады (153 партызаны) вярнулася ў ранейшы раён баявых дзеянняў, дзе аб’ядналася з партызанамі брыгады, якія заставаліся ў варожым тыле.

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунцы Полацк — Даўгаўпілс і аўтамабільных дарогах. Разам з брыгадамі Асвейскай імя М. В. Фрунзэ і «За Савецкую Беларусь» у кастрычніку 1942 г. правялі аперацыю па адначасовым разгроме варожых гарнізонаў на чыгуначных станцыях Боркавічы і Дрыса. У студзені 1943 г. брыгада ўдзельнічала ў разгроме гарнізона ў в. Вецслабада Латвійскай ССР (гл. Вецслабадскі бой 1943 г.), разграміла гарнізоны ў вёсках Балдышы (красавік 1943) і Кабыльнікі (красавік 1944) Дрысенскага раёна. У студзені — сакавіку, маі — снежні 1943 г., лютым — чэрвені 1944 г. вяла баі супраць карнікаў. На чыгуначным участку Боркавічы — Бігосава партызаны падарвалі і пашкодзілі больш за 2 тыс. рэек.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 12 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя А. В. Суворава, імя С. М. Кірава, імя Аляксандра Неўскага, імя У. І. Леніна, у якіх налічваўся 281 партызан.

Камандзіры брыгады: П. Р. Мандрыкін (загінуў), Р. П. Герасімаў, А. I. Грыгор’еў; камісары: Р. П. Герасімаў, Ф. Ф. Шаблоўскі, А. I. Лісоўскі; начальнікі штаба: Ф. А. Рабцаў, С. Ф. Ламінскі, А. А. Шыбаеў, К. П. Кузміцкі.

У гонар 1‑й Дрысенскай і 2‑й Дрысенскай партызанскіх брыгад і савецкіх воінаў-вызваліцеляў у в. Дзёрнавічы Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ў 1970 г. пастаўлена стэла.