Дата стварэння: 12.05.2023 11:25:12
Дата змены: 23.08.2024 09:52:25
«Сове́цкі патрыёт» («Савецкі патрыёт»)
Газета, орган Ляхавіцкага падпольнага райкама КП(б)Б Баранавіцкай вобласці ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Друкарня размяшчалася спачатку пры партызанскім атрадзе імя С. Г. Лазо ў Машукоўскім лесе (Клецкі раён), потым у партызанскай брыгадзе 19‑й імя В. М. Молатава. Партатыўная друкарская машынка, запасы шрыфтоў, прабельнага матэрыялу, паперы і друкарскай фарбы былі дастаўлены з Вялікай зямлі. Вядома 35 нумароў (№ 1–3, 5, 7, 8 за 1943; № 1–32 за 1944) за перыяд з 24 кастрычніка 1943 г. да 3 ліпеня 1944 г. на беларускай мове (асобныя нумары на беларускай і рускай мовах). Рэдактары: Я. Л. Шэвелеў (да 18.12.1943), П. С. Вярбіцкі (да 17.5.1944), В. I. Бурло (да 10.7.1944).
Газета распаўсюджвалася сярод насельніцтва раёна партызанамі і сувязнымі, трапляла ў нямецкія камендатуры, вывешвалася ў г. Баранавічы і раённых цэнтрах.
Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад той жа назвай. З 5 мая 1962 г. называлася «Будаўнік камунізму». З 1965 г. друкавалася як орган Ляхавіцкага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977) Брэсцкай вобласці.
З 1991 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Ляхавіцкі веснік» 2 разы на тыдзень на беларускай мове. Заснавальнікі — Ляхавіцкі раённы выканаўчы камітэт і Ляхавіцкі раённы Савет дэпутатаў.