Дата стварэння: 04.03.2024 16:25:17
Дата змены: 11.09.2024 15:01:49
Партыза́нская брыга́да 19‑я імя́ В. М. Мо́латава
Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Ляхавіцкага і Навамышскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.
Створана ў студзені 1944 г. на базе атрадаў: імя С. Г. Лазо (арганізаваны ў красавіку 1943 у партызанскай брыгадзе 27‑й імя В. І. Чапаева Мінскай вобласці), імя Г. К. Жукава (арганізаваны ў ліпені 1942 у партызанскай брыгадзе імя К. Я. Варашылава Мінскай вобласці, у снежні 1942 — верасні 1943 у брыгадзе 27‑й імя В. І. Чапаева, потым дзейнічаў самастойна) і імя М. І. Кутузава (арганізаваны ў красавіку 1943; вылучаны партызанскай брыгадай 18‑й імя М. В. Фрунзэ).
Толькі ў красавіку — чэрвені 1944 г. партызаны зрабілі больш за 30 дыверсій на чыгунцы (лінія Баранавічы — Лунінец, участак Баранавічы — Быцень лініі Баранавічы — Брэст) і на шашэйных дарогах, падарвалі 14 эшалонаў, 36 аўтамашын, разбурылі 3 масты, знішчылі дзясяткі кіламетраў тэлефонна-тэлеграфнай лініі. На чыгуначнай лініі Брэст — Баранавічы паміж станцыямі Лясная і Гінцавічы Навамышскага раёна 20 чэрвеня 1944 г. падарвалі больш за 460 рэек. Правялі 13 баёў, у т. л. бой каля в. Залужжа Ляхавіцкага раёна (11.4.1944), разам з партызанскай брыгадай 20‑й імя В. С. Грызадубавай Баранавіцкай вобласці бой за мост цераз р. Шчара каля в. Мінічы Ляхавіцкага раёна (4.7.1944). Партызаны падбілі 2 танкі, адзін з іх патапілі.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 7–10 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя Г. К. Жукава, імя С. Г. Лазо, імя М. І. Кутузава, у якіх налічвалася 538 партызан.
Камандзіры брыгады: В. I. Каробкін, Я. П. Луцэнка; камісар С. К. Дзесюкевіч; начальнікі штаба: А. Ф. Астапаў, М. К. Зайцаў.
У гонар брыгады ў в. Свяціца Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў 1975 г. пастаўлена стэла.