pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 18‑я ІМЯ М. В. ФРУНЗЭ

Дата стварэння: 17.11.2023 09:03:11

Дата змены: 11.09.2024 14:39:57

Партыза́нская брыга́да 18‑я імя́ М. В. Фру́нзэ

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Дзяржынскага, Заслаўскага і Мінскага раёнаў Мінскай вобласці, Івянецкага і Клецкага раёнаў Баранавіцкай вобласці, Ганцавіцкага раёна Пінскай вобласці.

Створана ў верасні 1942 г. на базе атрада імя М. В. Фрунзэ (арганізаваны ў жніўні 1942), з вылучанай ім групы партызан арганізаваны атрад імя Ф. Э. Дзяржынскага. Пазней былі арганізаваны атрады: у снежні 1942 г. — імя С. Г. Лазо (у лютым 1943 рассеяны ў баі з карнікамі), у красавіку 1943 г. — імя М. І. Кутузава, у маі 1943 г. — імя А. В. Суворава, у верасні 1943 г. — імя Р. І. Катоўскага, у лістападзе 1943 г. — імя У. І. Леніна.

У снежні 1943 — студзені 1944 г. брыгада зрабіла рэйд з Івянецкага раёна ў Клецкі і ўвайшла ў склад Баранавіцкага Паўднёвай зоны партызанскага злучэння. У студзені 1944 г. з брыгады вылучаны атрад імя М. І. Кутузава, перададзены партызанскай брыгадзе 19‑й імя В. М. Молатава. У красавіку 1944 г. арганізаваны атрад Колкаўскі (атрад мясцовай самаабароны з жыхароў вёсак Колкі і Морач Клецкага раёна).

Партызаны атрада імя М. В. Фрунзэ ў жніўні 1942 г. разбілі варожыя апорныя пункты ў вёсках Волма і Залатары Івянецкага раёна (цяпер абедзве ў Дзяржынскім раёне).

Партызаны брыгады вялі баявыя дзеянні на чыгуначным участку Мінск — Стоўбцы на лініі Мінск — Баранавічы, на чыгуначных лініях Мінск — Маладзечна і Баранавічы — Лунінец. У маі — ліпені 1943 г. падарвалі больш за 100 рэек, 7 мастоў, пусцілі пад адхон 15 эшалонаў, знішчылі 33 аўтамашыны, у час разгрому апорнага пункта ў в. Тарасава Мінскага раёна захапілі мінамёт, 5 кулямётаў, больш за 40 вінтовак. У сакавіку 1944 г. выбілі ворага з в. Будча Ганцавіцкага pаёна, сарвалі гвалтоўную мабілізацыю моладзі ў варожыя фарміраванні, вывелі са строю вузкакалейку на ўчастку Ганцавічы — Дзяніскавічы. У чэрвені 1944 г. у час 3‑га этапу аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначнай лініі Баранавічы — Лунінец падарвалі 550 рэек.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 3 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя М. В. Фрунзэ, імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя А. В. Суворава, імя Р. І. Катоўскага, імя У. І. Леніна, Колкаўскі, у складзе якіх змагаліся 735 партызан.

Камандзіры брыгады: П. I. Серабракоў, С. С. Ключко; камісары: М. А. Ваўчак, В. I. Каробкін, П. А. Бягун; начальнікі штаба: I. В. Анохін, К. П. Лойка, К. I. Бутрымовіч.