Дата стварэння: 02.11.2023 16:39:41
Дата змены: 11.09.2024 14:39:57
Партыза́нская брыга́да імя́ К. Я. Варашы́лава
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Уздзенскага, Капыльскага, Дзяржынскага, Чырвонаслабодскага, Грэскага, Слуцкага раёнаў Мінскай вобласці.
Створана ў маі 1942 г. на базе атрадаў імя Р. І. Катоўскага, імя М. А. Шчорса, імя С. М. Будзённага і імя В. І. Чапаева. Пазней у брыгаду ўключаны асобны атрад імя А. В. Суворава, арганізаваны атрады імя Г. К. Жукава, імя М. В. Фрунзэ і «Баявы».
Партызаны праводзілі аперацыі на чыгуначнай лініі Мінск — Стоўбцы і шашэйных дарогах. Разграмілі чыгуначную станцыю Цімкавічы (гл. Цімкавіцкая аперацыя 1942 г.), зрабілі налёт на Капыль (гл. Капыльскія баі 1942, 1944 гг.). У ліпені і кастрычніку 1942 г. вялі баі з ворагам каля вёсак Вялікая Раёўка і Браткава Капыльскага раёна, 7 лістапада адбыўся Старыцкі бой 1942 г., 3 снежня — Лаўскі бой 1942 г.
У снежні 1942 г. брыгада, у якой налічвалася каля 3 тыс. партызан, была пераўтворана ў Слуцкай зоны партызанскае злучэнне (гл. таксама Мінскае партызанскае злучэнне). На базе атрадаў імя Р. І. Катоўскага, «Баявы», імя А. Я. Пархоменкі створана партызанская брыгада 300‑я імя К. Я. Варашылава, на базе атрадаў імя М. А. Шчорса, імя В. І. Чапаева, імя Г. К. Жукава — партызанская брыгада 27‑я імя В. I. Чапаева, на базе атрадаў імя С. М. Будзённага, імя А. В. Суворава, імя М. В. Фрунзэ — партызанская брыгада 225‑я імя А. В. Суворава.
Камандзір брыгады П. П. Капуста, камісар I. К. Жыжык, начальнік штаба П. З. Ігнашчанка.
Партызану брыгады В. I. Драздовічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.