ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 27‑я ІМЯ В. І. ЧАПАЕВА, Мінскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 27‑я ІМЯ В. І. ЧАПАЕВА

Дата стварэння: 02.11.2023 16:38:00

Дата змены: 11.09.2024 15:03:36

Партыза́нская брыга́да 27‑я імя́ В. I. Чапа́ева

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Капыльскага і Грэскага раёнаў Мінскай вобласці, Нясвіжскага, Клецкага і Стаўбцоўскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.

Створана ў снежні 1942 г. загадам штаба Слуцкай зоны партызанскага злучэння на базе атрадаў імя М. А. Шчорса (арганізаваны ў красавіку 1942), імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў красавіку 1942) і імя Г. К. Жукава (арганізаваны ў ліпені 1942), вылучаных партызанскай брыгадай імя К. Я. Варашылава Мінскай вобласці. Пазней арганізаваны атрады: у студзені 1943 г. — М. Р. Янкоўскага (з лютага 1943 — атрад «За Радзіму»), у красавіку 1943 г. — імя С. Г. Лазо, у сакавіку 1944 г. — імя П. К. Панамарэнкі, імя Дунаева (названы ў гонар І. М. Тараховіча, які меў псеўданім «Дунаеў», камандзіра атрада імя В. І. Чапаева; загінуў у баі 7.11.1942).

У жніўні 1943 г. атрад «За Радзіму» перададзены Беластоцкаму партызанскаму злучэнню (у кастрычніку 1943 разгорнуты ў партызанскую брыгаду «У імя Радзімы» Беластоцкай вобласці). У верасні 1943 г. атрады імя С. Г. Лазо і імя Г. К. Жукава перададзены Баранавіцкаму Паўднёвай зоны партызанскаму злучэнню, дзейнічалі як асобныя, у студзені 1944 г. уключаны ў партызанскую брыгаду 19‑ю імя В. М. Молатава.

Партызаны ў лютым, сакавіку 1943 г., лютым, чэрвені 1944 г. вялі баі з карнікамі. У жніўні 1943 г. і чэрвені 1944 г. на ўчастках чыгункі Стоўбцы — Гарадзея (лінія Мінск — Баранавічы), Буды — Райтанаў (лінія Лунінец — Баранавічы), Слуцк — Цімкавічы (лінія Асіповічы — Баранавічы) падарвалі 3 916 рэек. У верасні 1943 г. разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Сейлавічы Нясвіжскага раёна (гл. Сейлавіцкі бой 1943 г.) і Кіявічы Капыльскага раёна, 29 чэрвеня 1944 г. — у г. п. Капыль. Разам з часцямі Чырвонай арміі 2 ліпеня 1944 г. удзельнічалі ў вызваленні гарадоў Стоўбцы і Нясвіж.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя М. А. Шчорса, імя В. І. Чапаева, імя П. К. Панамарэнкі, імя Дунаева, у якіх налічвалася 1 513 партызан.

Камандзіры брыгады: М. А. Шастапалаў, М. Д. Курыльчык (выконваў абавязкі); камісары: I. М. Ражкоў, П. I. Разувакін, Н. Д. Емяльянаў; начальнікі штаба: М. Д. Курыльчык, С. В. Рабкевіч (выконваў абавязкі), М. А. Рагожнікаў.