Дата стварэння: 12.05.2023 10:54:52
Дата змены: 11.09.2024 14:28:46
Капы́льскія баі́ 1942, 1944 гг.
Баі партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава (Мінская вобласць) 9 жніўня 1942 г. і партызанскай брыгады 27‑й імя В. І. Чапаева 29 чэрвеня 1944 г. супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у г. п. Капыль у час Вялікай Айчыннай вайны.
Да восені 1942 г. амаль уся тэрыторыя Капыльскага раёна была ахоплена партызанскім рухам, поўнасцю вызвалены ад акупантаў многія сельсаветы раёна, ліквідаваны іх органы ўлады. Частка гітлераўцаў укрылася ў добра ўмацаваным гарнізоне Капыля.
Вечарам 9 жніўня 1942 г. партызаны брыгады імя Варашылава атакавалі гарнізон, жорсткі бой працягваўся 3 гадзіны. Народныя мсціўцы занялі ўскраіны пасёлка, спалілі прадпрыемствы, якія ўвялі ў дзеянне акупанты, і некаторыя дамы, дзе спрабаваў замацавацца праціўнік, знішчылі больш за 30 гітлераўцаў. Аднак пераадолець супраціўленне ворага, які засеў у мураваных будынках у цэнтры Капыля, партызанам не ўдалося, і яны адступілі, забраўшы з сабою захопленыя ў баі зброю, боепрыпасы, харчаванне. Гітлераўцы былі вымушаны зрабіць вакол Капыля новую, больш дасканалую, сістэму фартыфікацыйных збудаванняў і значна ўзмацніць яго гарнізон. Аднак ініцыятыву ў барацьбе з партызанамі акупантам у Капыльскім раёне так і не ўдалося захапіць.
Партызаны брыгады 27‑й імя Чапаева пад камандаваннем камбрыга М. А. Шастапалава 29 чэрвеня 1944 г. вялі бой за вызваленне Капыля. Партызаны (каля 1500 чалавек) разграмілі гарнізон праціўніка, які налічваў каля 700 салдат і афіцэраў, і ўтрымлівалі гарадскі пасёлак і ўчастак чыгункі Слуцк — Баранавічы да прыходу Чырвонай арміі 1 ліпеня 1944 г.