ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 300‑я ІМЯ К. Я. ВАРАШЫЛАВА, Мінскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 300‑я ІМЯ К. Я. ВАРАШЫЛАВА

Дата стварэння: 15.03.2024 10:46:38

Дата змены: 11.09.2024 15:14:25

Партыза́нская брыга́да 300‑я імя́ К. Я. Варашы́лава

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Капыльскага, Уздзенскага, Дзяржынскага і Чырвонаслабодскага раёнаў Мінскай вобласці, Нясвіжскага раёна Баранавіцкай вобласці.

Створана ў снежні 1942 г. загадам штаба Слуцкай зоны партызанскага злучэння на базе атрадаў імя Р. І. Катоўскага (арганізаваны ў сакавіку 1942 на базе групы В. Р. Яроменкі, якая дзейнічала з верасня 1941), «Баявы» (пазней партызанскі атрад «Баявы» імя Дунаева), імя А. Я. Пархоменкі (арганізаваны ў лістападзе 1942), вылучаных партызанскай брыгадай імя К. Я. Варашылава Мінскай вобласці.

У студзені 1943 г. у склад брыгады ўключаны асобны атрад «25 гадоў Кастрычніка» (арганізаваны ў кастрычніку 1942). Пазней у 1943 г. арганізаваны атрады: у красавіку — «Патрыёт Радзімы», імя М. І. Кутузава, імя Аляксандра Неўскага, у чэрвені — імя Д. А. Фурманава.

У жніўні 1943 г. атрады «Баявы» і імя Аляксандра Неўскага перададзены ў Беластоцкае партызанскае злучэнне; на базе атрадаў «25 гадоў Кастрычніка» і імя Д. А. Фурманава створана партызанская брыгада 200‑я імя К. К. Ракасоўскага. У верасні 1943 г. з брыгады вылучаны атрад імя А. Я. Пархоменкі, які дзейнічаў самастойна (у маі 1944 на яго базе створана партызанская брыгада 32‑я імя М. I. Калініна). У лістападзе 1943 г. у брыгадзе арганізаваны атрад імя Багдана Хмяльніцкага.

Партызаны ў лютым 1943 г. вялі баі з карнікамі, прарвалі блакаду і выйшлі ў паўночна-ўсходнія раёны Пінскай вобласці, потым у Капыльскі раён, дзе 12 красавіка 1943 г. правялі баі каля вёсак Заракаўцы і Савічы і выйшлі ў Уздзенскі раён. Разам з партызанскай брыгадай 27‑й імя В. І. Чапаева і партызанскай брыгадай 200‑й імя К. К. Ракасоўскага 14 снежня 1943 г. на шашы Мінск — Слуцк каля в. Валяр’яны разграмілі варожую аўтакалону: разбілі адну легкавую і 20 грузавых аўтамашын, падбілі бранявік, 3 гарматы. У баі праціўнік страціў каля 170 салдат.

Партызаны брыгады ўдзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна», на перагоне Коласава — Негарэлае ў жніўні 1943 г. знішчылі чыгуначнае палатно; на чыгуначным участку Баранавічы — Цімкавічы 20 чэрвеня 1944 г. падарвалі больш за 400 рэек.

Брыгада 28 чэрвеня 1944 г. заняла г. п. Узда і ўтрымлівала да падыходу савецкіх войск.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя Р. І. Катоўскага, «Патрыёт Радзімы», імя М. І. Кутузава, імя Багдана Хмяльніцкага. У яе складзе змагаліся 1 204 партызаны.

Камандзір брыгады В. Р. Яроменка; камісары: I. С. Caвелаў, M. C. Сцяпанаў; начальнікі штаба: Я. П. Грыцаневіч, М. Ю. Баранаў, I. I. Радчанка.