ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 200-я ІМЯ К. К. РАКАСОЎСКАГА, Мінскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 200‑я ІМЯ К. К. РАКАСОЎСКАГА

Дата стварэння: 31.05.2024 11:06:29

Дата змены: 05.03.2025 09:06:57

Партыза́нская брыга́да 200‑я імя́ К. К. Ракасо́ўскага

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці.

Створана 21 жніўня 1943 г. загадам штаба Мінскага партызанскага злучэння на базе атрадаў «25 гадоў Кастрычніка» (арганізаваны ў кастрычніку 1942 на базе дыверсійных груп І. І. Апаровіча і С. П. Піткевіча, якія былі створаны ў савецкім тыле, да студзеня 1943 дзейнічаў самастойна) і імя Д. А. Фурманава (арганізаваны ў чэрвені 1943), вылучаных са складу партызанскай брыгады 300‑й імя К. Я. Варашылава. У верасні 1943 г. арганізаваны атрад імя В. П. Чкалава, у кастрычніку 1943 г. — атрад імя Ф. Э. Дзяржынскага (на базе дыверсійнай групы Я. М. Чарнякова, якая прыбыла з-за лініі фронту).

Партызаны рабілі дыверсіі на чыгунцы Мінск — Баранавічы, узрывалі эшалоны, у снежні 1943 г. разам з брыгадамі 300‑й імя К. Я. Варашылава і 27‑й імя В. І. Чапаева разграмілі варожую аўтакалону на шашы Мінск — Слуцк каля в. Цялякава Уздзенскага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 4 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «25 гадоў Кастрычніка», імя Д. А. Фурманава, імя В. П. Чкалава, імя Ф. Э. Дзяржынскага, у якіх налічвалася 1 187 партызан. Каля в. Станькава Дзяржынскага pаёна 6–7 ліпеня 1944 г. разам з часцямі Чырвонай арміі партызаны ўдзельнічалі ў разгроме нямецкіх войск, якія прарываліся з акружэння.

Камандзір брыгады М. Ю. Баранаў, камісар П. Р. Мартысюк, начальнік штаба I. Ф. Ягораў.

Партызану брыгады Марату Казею прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.