ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 32-я ІМЯ М. І. КАЛІНІНА, Мінскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 32‑я ІМЯ М. І. КАЛІНІНА

Дата стварэння: 31.05.2024 11:00:51

Дата змены: 05.03.2025 09:09:45

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА   32-я ІМЯ М. І. КАЛІНІНА, Мінскай вобласці

Памятная стэла ў гонар штабоў партызанскіх брыгад 12‑й кавалерыйскай імя І. В. Сталіна, 32‑й імя М. І. Калініна і Чырвонаслабодскага падпольнага райкама КП(б)‌Б на месцы іх базіравання ва ўрочышчы Норы.

Партыза́нская брыга́да 32‑я імя́ М. I. Калі́ніна

Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Капыльскага і Чырвонаслабодскага раёнаў Мінскай вобласці.

Створана 18 мая 1944 г. загадам штаба Мінскага партызанскага злучэння на базе асобнага атрада імя А. Я. Пархоменкі (арганізаваны ў лістападзе 1942, у снежні 1942 — верасні 1943 уваходзіў у партызанскую брыгаду 300‑ю імя К. Я. Варашылава Мінскай вобласці), адначасова з яго 2‑й і 3‑й рот арганізаваны атрады імя К. Я. Варашылава і імя А. В. Суворава.

Баявыя дзеянні партызаны праводзілі на варожых камунікацыях. Удзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна». У лютым 1944 г. з партызанскай брыгадай 12‑й кавалерыйскай імя І. В. Сталіна напалі на варожы гарнізон у в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага раёна Пінскай вобласці. Правялі 9 баёў па выратаванні мірнага насельніцтва ад вывазу ў Германію. У час наступлення Чырвонай арміі будавалі пераправы цераз р. Морач.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя А. Я. Пархоменкі, імя К. Я. Варашылава, імя А. В. Суворава, у складзе якіх змагаліся 477 партызан.

Камандзір брыгады П. В. Качкоў, камісар А. З. Драбеня, начальнік штаба I. М. Валністы.

Ва ўрочышчы Норы за 4 км на паўночны захад ад в. Вялікі Рожан Салігорскага раёна Мінскай вобласці ў 1965 г. пастаўлена памятная стэла ў гонар штабоў 32‑й партызанскай брыгады імя М. І. Калініна, 12‑й кавалерыйскай партызанскай брыгады імя І. В. Сталіна, а таксама Чырвонаслабодскага падпольнага райкама КП(б)‌Б, якія базіраваліся тут у час Вялікай Айчыннай вайны.