pdf

БРЭСЦКІ ПАДПОЛЬНЫ АБКАМ ЛКСМБ

Дата стварэння: 07.07.2025 10:25:08

Дата змены: 22.08.2025 11:44:39


Брэс́цкі падпо́льны абка́м ЛКСМБ

Брэсцкі падпольны абласны камітэт ЛКСМБ.

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Брэсцкай вобласці.

Створаны ў красавіку 1943 г. Цэнтральным камітэтам ЛКСМБ (ЦК ЛКСМБ), дзейнічаў пад кіраўніцтвам ЦК ЛКСМБ і Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)‌Б.

Цэнтральны камітэт КП(б)‌Б [ЦК КП(б)‌Б] распараджэннем ад 4 лістапада 1942 г. для кіравання партыйнай і камсамольскай работай і партызанскім рухам на акупіраванай тэрыторыі Брэсцкай вобласці сфарміраваў арганізатарскую групу на чале з сакратаром Брэсцкага абкама КП(б)‌Б С. I. Сікорскім, які быў прызначаны ўпаўнаважаным ЦК КП(б)‌Б па Брэсцкай вобласці. У сакавіку 1943 г. група С. І. Сікорскага прыбыла ў варожы тыл, у красавіку дасягнула тэрыторыі вобласці. У склад групы ўваходзіў Ф. Д. Рома, які пры фарміраванні партыйных і камсамольскіх структур узначаліў падпольны абкам ЛКСМБ. Акрамя таго, на тэрыторыі вобласці ў 1943 г. працавалі сакратар ЦК ЛКСМБ К. Т. Мазураў, інструктары ЦК ЛКСМБ па падпольнай рабоце М. А. Карповіч і М. I. Сіманаў.

Абкаму падпарадкоўваліся Брэсцкі падпольны гаркам ЛКСМБ, 18 райкамаў — Антопальскі падпольны райкам ЛКСМБ, Брэсцкі падпольны райкам ЛКСМБ, Бярозаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Высокаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Гайнаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Дамачаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Дзівінскі падпольны райкам ЛКСМБ, Жабінкаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Камянецкі падпольны райкам ЛКСМБ, Кляшчэльскі падпольны райкам ЛКСМБ, Кобрынскі падпольны райкам ЛКСМБ, Косаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Маларыцкі падпольны райкам ЛКСМБ, Поразаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Пружанскі падпольны райкам ЛКСМБ, Ружанскі падпольны райкам ЛКСМБ, Сямяціцкі падпольны райкам ЛКСМБ, Шарашэўскі падпольны райкам ЛКСМБ (гл. таксама Раённыя падпольныя камітэты ЛКСМБ), 283 тэрытарыяльныя, 70 пярвічных камсамольскіх арганізацый у партызанскіх фарміраваннях, дзе налічвалася больш за 3,5 тыс. камсамольцаў.

Базіраваўся разам з Брэсцкім падпольным абкамам КП(б)‌Б у Бярозаўскім раёне каля воз. Спораўскае, потым ва ўрочышчы Хаваншчына каля в. Корачын Косаўскага раёна.

Друкаванага органа не меў.

Абкам спыніў дзейнасць 15 ліпеня 1944 г., пасля пачатку вызвалення тэрыторыі вобласці.

Сакратары абкама: Ф. Д. Рома (з красавіка 1943), М. М. Лыжын (першы сакратар, з 2.2.1944); члены абкама: П. Ф. Круглоў, М. А. Лявонценка, К. М. Міранюк (усе з красавіка 1943), М. К. Клімец (з мая 1943), Р. I. Архіпаў (са жніўня 1943), Б. Ц. Шумілін (загадчык аддзела прапаганды і агітацыі) і Ф. М. Алісіевіч (абодва з 2.2.1944); інструктары па падпольнай рабоце: Б. М. Кот, П. А. Сямёнаў (абодва з 1.12.1943), Я. С. Волас (з 2.2.1944).

На месцы базіравання Брэсцкіх падпольных абкамаў КП(б)‌Б, ЛКСМБ і штаба Брэсцкага партызанскага злучэння ва ўрочышчы Хаваншчына каля в. Корачын Івацэвіцкага раёна ўзведзены мемарыяльны комплекс (гл«Хаваншчына») і створаны Музей партызанскай славы.